Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш ЗАКАХАНЫЯ



Мы не апошнія — заўсёды першыя.
Каханне нашае з усіх найлепшае
Сярод мільярдаў, як мы, каханых.
Ты мной абраная, я твой абраннік.
Я незвычайны, ты — непаўторная,
Як неба сіняе, як неба зорнае.
Мы — лучнасць нашых гарачых целаў,
Калі жадалі, калі хацелі.

Нам промні светлачы парушаць вочы.
Па-за пачуццямі чакаем ночы,
А ноччу чуем сваё дыханне.
Анёлы нашыя нібы світанне —
Яны на варце, яны ў дазоры.
Задзёрнем шчыльна цяжкія шторы,
Каб не чапалі нас болей людзі,
І будзем спаць, нас не разбудзяць.

Наш дом па космасе з Зямлёй нясецца.
А мы — ёсць космас, дзе болей сэнсу.
Мы ў крыку чуем працягласць рэха,
Мы шчасце бачым у форме смеху.
Нас сілы зла на злом ламалі —
Няма імперыі, а мы ўстаялі.
Мы даказалі, што мы — абраныя.
Мы — непаўторныя, бо закаханыя.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш ЗАКАХАНЫЯ - Лявон Неўдах