Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове


Верш Доктар Айбаліт

Доктар Айбаліт
Зямляк Ігнат быў у рыбалцы профі,
І кожны ранак – вуды за плячо.
А жонка хоць і крыўдавала трохі,
Заўсёды на пліце быў суп “харчо”.
Сусед яго быў фельчар адмысловы,
У вёсцы звалі “доктар Айбаліт”,
Любіў ён за Ігнатавы уловы
Суседцы палячыць радыкуліт.
Ігнат за гэта быў яму удзячны,
І зрэдку чаркай нават частаваў.
Сімптомы ў хваробы той нябачны,
А сам, было, на рэчцы й начаваў.
У рыбаловаў розныя прыкметы,
І гэта праўда, сябар мой, павер –
Перад рыбалкай зойдзеш да кабеты –
Не зловіш, будзеш злы нібыта звер.
Таму Ігнат да жонкі не падходзіў,
І ўсё мацнейшы быў радыкуліт.
На дапамогу тут сусед прыходзіў –
Цудоўны сябар, доктар Айбаліт.
Калі ж і ты захочаш парыбачыць,
Не вер ты ў забабоны, я прашу.
Бо свету белага не будзеш бачыць,
А я, як не рыбак, то саграшу…

Верш Доктар Айбаліт