Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Сонца і Смерць



Цёмных начэй шкадаванне, і боль
Раны глыбокай. Палае касцёр,
Верным сяброўствам звязаўшы з імглой
Сцятыя промні агню…Калідор
Між пачарнелых ад часу ялін
Шляхам у пекла падасца на момант.
Першым уражанням верыць? Глядзі,
Там не смяротнага ляманту холад!
Выйсце там з гэтай паўзмрочнай цюрмы,
Дзе назаўжды патанула жыццё
У ямах балотных няспыннай вайны
Сонца са Смерцю…Сягодня рыццё
Праўды адвечнае спрэчкі тых сіл
Будзе для смелых наўрад ці бяспечна.
Шмат пад травою забытых магіл,
Дзе правіць балі самотная вечнасць…

…Цені адданых святлу ўначы
Б’юцца з пачварамі; коціцца час,
Рвецца на поўнач; скуголіць крычыць
Птушка груган. Не спыняецца вальс.
Стомы не знаўшы, ляціць паміж дрэў
Белая конніца, плача зямля.
Стогны мячэй, віскат коп’яў і стрэл…
Песню пяе нежывая вайна!

…Хто гэта бачыў, даўно не жыве.
Цэрбер вялікі забыў шкадаваць.
Кожную сведку прыняў у сябе,
Каб напаіць сон-вадою. Маўчаць
У цёмных скляпеннях без сонца святла,
Долю забыўшы навек у крыві…
Зведалі Сонца, а палі ад зла
Смерці халоднай, ляжаць у зямлі…

Цуд ці ўдача, я вырвацца змог,
Леты вада не зламала мяне.
Сцелецца кошкаю, лашчыцца глог
Над жоўтым целам травы і пяе.
Казак-гісторый чароўны матыў
Слухаць не буду, я помню цану
Гэтым расказам, калі я не жыў!
Я адчуваў кожнай клеткай вайну
Сонца і Смерці… Хвіліны жыцця
Тут, на Зямлі, дзе палае касцёр
Думак дзівосных, запальваю я,
Долю ствараю, выцягваю з нор,
Тайных кладовак юнацкай душы
Веру ў светлую ноч; і люблю
Думаць пра зоры ў важкай цішы,
Жыць і кахаць Адзіноту маю!…

4 травень 2011

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Сонца і Смерць - Лірык Вінадорскі