Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове


Верш Эмігрант

Сто англій і дзвесце францый
Ніякай сваёю сілай
Не зробяць з мяне эмігранта,
А наша жыццё зрабіла.

Паўсюль, ідучы па Мінску,
Бачу сцяну глухую,
Бо ні здалёку, ні зблізку,
Таго, што хачу, – не чую.

Прайду праз усе райкомы,
Аптэкі, заводы, кавярні,
Кнігарні і гастраномы,
Міліцыю і казармы;

Праз кожную плошчу, завулак,
Кватэры, з якіх не патураць, –
Дзе ж роднаму слову прытулак?
Няўжо толькі ў літаратуры?

Няўжо толькі ў ёй – адхланне,
Магчымасць адна – не памерці…
Тыраж у любога з выданняў
Па эмігранцкай мерцы!

І гэтакія ж тым часам
З’яўляюцца сціпла, нягучна
Напаўбеларускія класы
Па дзесяць-дванаццаць вучняў…

Даволі вярэдзіць раны!
І без таго заўважаю –
Глядзяць, як на эмігранта,
На мяне, калі размаўляю.

Адкуль? З якой рэзервацыі?
З якой Беларусі такой?

Эх, вечная эміграцыя
На радзіме сваёй.

Верш Эмігрант