Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Як я, родныя, вас ні люблю



Як я, родныя, вас ні люблю,
у часіну, што мне невядома,
я аднойчы пакіну зямлю
і нарэшце вярнуся дадому.

Уздымуся на крылах любві,
развітаюся з любай Радзімай,
блаславіўшы: “У шчасці жыві!
Ты была мне уцехай адзінай.”

Ты дарыла мне радасць быцця,
наталяла вадою крынічнай.
У лясах тваіх, быццам дзіця,
я прапітваўся пахам сунічным.

На лугах тваіх лашчыў траву
і збіраў для каханай рамонкі.
І крычаў, як шалёны: “Жыву!”
славаслоўцы жыцця – жаваронку.

Улюблёны і ў сонца, і ў дождж,
я быў шчасны – прыгожы і дужы –
і любіў пахадзіць басанож –
як маленькі гарэза – па лужах.

А калі ўжо згасала цяпло
летніх ночак парой прадасенняй
для мяне асалодай было
аб нябёсным памарыць на сене.

Падзівіцца на зорны салют,
назбіраць успамінаў – на памяць.
абрытаць коскі ветрыка ў жмут
і абняць далягляды рукамі…

Я аднойчы пакіну зямлю
і нарэшце вярнуся дадому.
Але сёння жыццё так люблю,
што не дам яго скрасці нікому.

17.06.2014



1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Як я, родныя, вас ні люблю - Lazzaro