Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Вялікі “бог”

За шырокімі дзвярамі –
Звышшыкоўны кабінет,
На сцяне ў дубовай раме –
Дзеда Леніна партрэт.

За сталом – магутней дуба –
Камуніст ці дэмакрат?
Толькі важна дуе губы –
Як пячатка… Бюракрат!

Адчыніла бабка дзверы,
Падалася да стала
З пакамечанай паперай…
Адчуваецца – з сяла.

– Мой начальнік, галубочак,
Мне калгас не дапамог,
Памажы хоць ты, сыночак:
Для каровы – сена стог.

Шчэ зіма, мароз, завеі,
А стары мой захварэў.
Я прасіць вас не умею…
Як палена, голы хлеў.

Акуляры выцірае
Найвялікшы самы “бог”:
– Хто пусціў цябе, старая,
На райкомаўскі парог?

I старую выпер з “храма” –
Ледзьве ногі пацягла
Са слязой далей ад хама
Да кароўкі, да сяла…

Толькі лета неўзабаве
Расквітнела, загуло…
Горад плечы ўраз расправіў
I рвануўся у сяло.

Вела, мота і машыны –
Прэ калона на вярсту…
Каля брамы раптам чынна
Прыпыніўся нейкі туз.

З “Волгі” вылез, пацягнуўся,
Нібы кот на прызбе той,
I звярнуўся:
– Гэй, бабуся,
Я зайшоў на сырадой…

Мо нальеш, старая, шклянку,
Буду ўдзячны удвая.
Сырадой люблю я зранку,
Хоць вядзерца вып’ю я…

– Прынясу, што за размова,
Пачакай, мой ясны пан,
Падаю схаджу карову
І налью хоць цэлы збан.

Акуляры выцер чынна
I падняўся на парог –
He начальнік, не мужчына,
А вялікі самы “бог”.

Вынесла вядро старая,
Сырадой – да берагоў…
“Бог” старую сустракае
Ветлай шчырасцю багоў.

– Пачастуйся, –
Бабка кажа, –
Паглядзі, які надой…
Толькі вось, зараза, дужа
Сенам пахне сырадой.

Ты мяне прыпомніў, мілы?
He спытаў, як і завуць… –
I вядзерца, што ёсць сілы,
Бух яму на галаву!
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Лезе прымаўка ў радок
(Мудры пасмяецца):
Як гукаецца, браток,
Так і адгукнецца!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Вялікі “бог” - Кастусь Цыбульскі