Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове


Верш Бойня

Уяві сабе белыя дні:
Гэты сад, кляштары, камяні –
Іх сагрэй нашым сонечным сэрцам
І смугою сваёй ахіні.
Зацьвіце над табой зьверабой,
Будзе дзікі буяць і баяцца,
Будзем мы па-над небам сьмяяцца
І зь цяляткам ісьці на забой.
Стануць крылы расьці ды расьці;
Мы асьлепнем, бадай што асьлепнем –
Цьмянай кветкай ці сонечным сьлепнем
Дакранецца жаданьне сысьці.
І мы сыдзем: зь нябёсаў – сюды,
Дзе цяляты, сякеры, сады,
Дзе сьляпыя ня бачаць дарогі –
І ўзьлятаюць вышэй ад жуды.
І мы будзем на слове трымаць –
За капытца, за лапу, за руку, –
Тых, хто хоча адбіцца ад бруку,
Верабейкам на помніку стаць.
А аднойчы заб’ецца душа –
Прарасьце цераз пальцы сьпярша,
Праклюецца праз нашыя вочы…
Ці захоча на бойні ляжаць?

Верш Бойня