Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове


Верш Ноч нараджэння

Ноч нараджэння. 22.15.
Самота. Цішыня. Чаканне. Змрок.
Прыйшлі начныя здані павітацца
са мной. Іх ледзь заўважыў зрок.

Яны прыйшлі павіншаваць са святам
і прадказаць мне будучы мой лёс.
Таму ў мяне настрой крыху прыўзняты,
бо кожны прывід мне сюрпрыз прынёс.

Вітаю вас, мае начныя госці!
Я бачу вашы цені на сцяне.
Вы мусіце сказаць мне шэптам штосьці…
Ці добрыя прынеслі звесткі мне?

Здань першая: “Я бачу, што ты хочаш
амаль усё ў жыцці сваім змяніць.
Дык ведай: з сённяшняй дарогі збочыш,
каб у мастацтва дзверы адчыніць”.

Другая здань: “Цябе чакае вечнасць,
калі нашчадкі змогуць зразумець
тваю душу. А шлях твой – небяспечны.
Наўрад ці шчасце ў ім ты будзеш мець”.

Здань трэцяя мне кажа як выснову:
“Ты ў адзіноце будзеш бавіць час.
Нядоўга пражывеш, але нанова
ты будзеш нараджацца кожны раз”.

Верш Ноч нараджэння - Ірына Хадарэнка