Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Беларускія бабкі

Яны бяруць аўтобус прыступам,
загартаваўшыся з вайны
глядзець на транспарт не турыстамі
і ўвагай не ўзвышаць чыны.

Амаль у кожнай – профіль правільны
(разьба па дрэве – ўсе сучкі,
усе шурпацінкі, каравінкі
зашліфавалі ім вякі…).

Ва ўборах старадаўняй злагады,
у пацерках слязы, расы
яны імчацца сёння ў ягады
ў свае траскучыя лясы.

Штанцовую дзяўчынку высмеюць,
патлаціка ўскубнуць наспех…
Зірнеш – у крук сагнула, высмягла,
а не зліняў з аблічча смех.

Аўтобус, як ён не разваліцца,
губляе бабак, як гарох…
I выступае перад “мальцамі”
мясцовы нейкі скамарох.

А рогат смелы ўсё зыначвае.
I хіба ўспомніш праз гады,
што бабкі – гэта ж маткі нашыя…
Паўсюль. Бясстрашна. Назаўжды.

Пераклад Рыгора Барадуліна

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Беларускія бабкі - Глеб Гарбоўскі