Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш ДАРЫ ВЕШЧУНОЎ

Авечак у пастаўнік пастухі
Падчас змяркання спаць пазаганялі,
Як гоняць паланянак у сералі
Перад прыходам шаха еўнухі.
Адну з авечак смажылі ў мангале.

Ледзь дыхаў ветрык водарам дзіванн,
Ляцела ўдалеч перакаці-поле;
Нібыта ў лузу шар пры карамболе,
Губляўся Месяц у густы дзірван,
За далягляд спадаючы ў гандоле.

Тры аўчары ля цёплага кастра
Ляжалі, закруціўшыся ў бурнусы,
Вярблюджым лоем націралі ўкусы,
Якія ім нанесла машкара:
Па-іншаму, ці ў прастамоўі, – гнюсы.

Вішчаў цыкад какафанічны хор,
Вярблюджы лой смярдзюча болькі гаіў,
Агмень у грэцкіх воках алабая
Свяціўся, што зарнічны метэор,
I танчыў, як маланка шаравая.

– Глядзіце! – раптам посахам на ўсход
Уторкнуў самы меншы істэрычна,
Дзе, рэжучы нябёсы сіметрычна
На дзве паловы, нібы глогу плод,
Iмчала зорка зыркая сунічна.

Здавалася, што чорны аксаміт
Рубінам аздабляла дыядэма,
Ці крочыла тырэнская трырэма
Да россыпу Вялікіх Пірамід,
Ершалаіма альбо Віфлеема.

– Збылося! – крыкнуў першы з пастухоў,
Паддаўшыся неверагодным чарам,
I ўпаў перад прываблівым пажарам,
Як паслугач пры выглядзе вярхоў.
Яго, здаецца, клікалі Каспарам…

– З’явіўся цар! – праракатаў другі,
З чалом, падобным пераспелай смокве,
Дзе вадыры лішая ліпка моклі –
Вялізныя, што галкі курагі,
I выдыхнуў уцешна: “Філіёкве!”

А самы меншы засыпаў касцёр
Сухім пяском ды пакаваў манаткі,
Пакуль сябры сціралі ў пыл здагадкі,
Як мак у макацёры макацёр.
З усіх ён быў наогул самы хваткі.

Атару ўслед вячэрняе зары
Яны пагналі, распяваўшы вершы,
Нібыта гнаў іх звар’яцелы шэршань.
А ззаду крочыў алабай стары,
Шашлык у мітусні нахабна зжэршы.

Славуты, добры горад Віфлеем –
Калыска прамяністага Давыда,
Фінальны пункт нябеснага баліда
I старт евангельскіх філасафем,
Iх пачатковая эфемерыда.

Гудзеў бурлівым кіпетнем кірмаш,
Дзе прагнасць не давала месца смутку.
Там, трапіўшы ў базарную закрутку,
Пластаў карыслівы ажыятаж
Тугу, як храмавую прастытутку.

– Каму атару? – гікнуў Мельхіёр.
(Той самы, што сплываў гнілым іхорам,
З чаго заўсёды пераносіў сорам,
Бо кожнага сарамаціць іхор).
– Каму авечак? – паўтарылі хорам.

На зычны покліч пастухоўскіх мас
Накінуліся ўраз віфлеемляне.
Такі тавар – раднёй нябеснай манне.
(Як мы б адукавана ў гэты час
Сказалі: “Попыт і прапанаванне”).

Ягнёў паразбіралі на шашлык,
На тлусты плоў і квашаніну з ножак,
На тое, каб круціўся ў печцы пожаг…
А хто да вычварэнстваў папрывык,
Iх жонкамі куплялі ў шлюбны ложак.

Лілося срэбра ў шарсцяны мяшок
I золата залева дажджавая.
Наіўны Бальтазар сляпому баю,
Каб потым той адчуў культурны шок,
Замест барана ўсунуў алабая.

Адцягвалі каспарава плячо
Прывабліва перакідныя торбы.
Каспар хістаўся, як вярблюд двухгорбы
Хістаецца пад вышытай камчой
Ці тонкі свердзел шліхтавальнай корбы.

Пасля яны пайшлі ў парфумны рад,
Дзе водарныя пахі лютавалі,
Буянілі ў задушлівай навале,
Нібыта мнагакветны вертаград,
Ды разухабіста салютавалі.

Тут прадавалі разнастайны дух:
Струмень бабра, яванскія пачулі…
Каварны перс, каб войты не пачулі,
Прапанаваў пагадкі птушкі Рух
Пад выглядам мядзведжае цыбулі.

Тры пастухі за новенькі алтын,
Што вынялі з квяцістага хурджына,
Прыдбалі ў паваротлівага джына
I ладан – густа-жоўты, як бурштын,
I смірну з ядлаўцовым пахам джыну.

Гарбаты шлях бруіўся, як змяя,
За гарызонт на ўскраінныя яслі,
Дзе, марачы аб хлебе і аб масле,
Тулілася прыблудная сям’я
Сярод жывёл… Але ўжо цені згаслі.

Вандроўнікі наведалі карчму,
Бо цар – царом, а ежа – па раскладу.
Шынкар прынёс курыную руляду,
Пракладзеную фаршам шаурму
I муст, падобны на аманцільяда.

О, гэты муст – няпэўны, што індык!
Глыток – і ты ў бяздонні акіяна,
Апоены настоем дурнап’яну,
Плывёш, святкуючы другі індыкт
Пад уладараннем Актавіяна.

Дажэршы муст, разгульна пастухі
Мацнейшыя напоі заказалі:
Хлябталі ром у смальтавым фіяле,
Пілі ў тры горлы мюскадэ сухі
I самагон з жаночае сандалі.

Бадзяжны хор габрэйскіх цыганоў
Урэзаў маладзецкую ламбаду.
Стары Каспар надакучаў Сіндбаду,
Пытаўся пра павагу і любоў
Ды заклікаў: “О, богі! Яду, яду!”

Асатанеў сярэдні Мельхіёр
Ад свербу сваіх мокнучых балячак
I аравійскі ладан (цэлы пачак!)
У спірце распусціў, а той раствор
На язвы выліў у п’яненькім плачы.

Затое не падгадзіў малады:
Пакуль калегі балявалі мірна,
Мясцовай шлюхе даў у плату смірну.
(Цікава, але ў юныя гады
Ён кожны крок разлічваў ювелірна).

Гуляла прыдарожная карчма,
Цвярозела і зноўку вар’яцела,
Спароўвалася з потным целам цела,
I на матыў жалобнага псалма
“Шумеў чарот” спявалі а-капэла.

Так усю ноч буянілі яны,
На ўтаргаваны куш кідалі косці
Аж да зары, і ў бурнай весялосці
Не ўцямілі гуллівыя паны,
Як раніцой прачнуліся ў кампосце.

Балела ад пахмелля галава –
Зусім, як ад гіганцкай аплявухі.
Зляталіся на водар гноя мухі.
У паднябессі, нібы грывы льва,
Кватаравалі воблакі-стамухі.

– Дзе ладан? – разгубіўся Мельхіёр.
– Дзе грошы? – зацікавіла Каспара.
I зносіў памаленьку з будуара
Карчомнага ў кішэні сутэнёр
Збаёданую смірну Бальтазара.

– Спадар ласкавы, дай папіць вады! –
Малілі на каленях абадранцы,
Палаючы ў гарачкавым румянцы,
Але шынкар бясплатна назаўжды
Iм быў гатовы выдаць толькі пранцы.

Да ясляў рачкавалі пастухі –
Адзін мацней чапляўся за другога,
Паўзлі яны сканфужана да Бога,
Нібыта тры тыфозныя блыхі
Пасля нашэсця Гога і Магога,

Нібыта абязводжаны вярблюд
Па курсу на ягнячае бляянне,
Пішчалі “піць” раднёй балотнай кані.
Магчыма, так пішчаў цвярозы люд
На шлюбным свяце ў Галілейскай Кане.

Ваду хлябталі ўтрох, як ушасцёх,
Прамочваючы вусны аб анучы.
Казіны сыр адкідвала пахучы
Марыя-дзева, і прывабна цёк
У збан сыроваткі цурок звінючы.

Цясляр Iосіф жэрдку габляваў,
Лязо рубанка завівала стружкі,
I бачылі смуродныя п’янюжкі,
Як міла выглядалі з пакрывал
На цемечку тры рыжых завітушкі.

Суняўшы смагу, заявіў Каспар:
– Мы доўгі час натоўпам трыадзіным
Iшлі сюды сустрэцца з вашым сынам,
Бо нам быў знак, што нарадзіўся цар,
Чыё імя вядома ўсім краінам.

Таму дару я гэтаму цару
Той дар, што значна даражэй за грошы,
Які не горшы гэтай шчодрай ношы –
Вялікае жыццё яму дару,
Каб у царквах зайздросцілі святошы.

– Я надала жыццё яму сама, –
Спыніла маці словы балабона, –
Не трэба, каб па-ханжаску з амбонаў
Яму малітвы ўзносіла гурма,
Ахвочая да розных забабонаў.

– Я Госпаду прыношу ўтульны дом, –
Пачуўся зычны рокат Мельхіёра,
Які дастаў абломак сікамора, –
Каб гэты дом быў радавым гняздом,
Каб ён труной не абярнуўся скора.

– За дом – падзяка, – адказаў цясляр, –
Аднак яму, шаноўны мой калега,
Куды патрэбней шчасце і адлега,
Талерка кашы, сшытак і буквар,
Абдымкі маці і канструктар “Лега”.

Тады пастух, як прафесіянал,
Схапіў пілу, зубіла, пасатыжы,
Натужыўся і з грукатам адрыжак
Зрабіў канструктар, што напамінаў
Ці дамавіну, ці маленькі крыжык.

– А ты чаго марудзіш, Бальтазар? –
Высокі голас ціха запытаўся. –
Навошта так далёка целяпаўся,
Чаму завёў атару на базар?
(Меў хлапчанё задаткі тэлепата…)

– Што ты даёш ад ласкі і даброт?
(Пачуўшы далікатны запыт боскі,
Адскокнуў Бальтазар ад сытнай соскі,
З якой смактаў смятанку ў хцівы рот,
Бо на хаду мог адарваць падноскі).

– Я для цябе, о, любы мой спадар,
Хачу паднесці дарагога сябра, –
Пачаў прайдоха балабоніць храбра.
З ягоных вуснаў дзьмухнуў перагар
I асляпляльная абракадабра:

– Такога сябра, каб вы з ім удвух
Адзін другому баранілі спіны,
Каб напалам дзялілі глум і кпіны…
Шыкоўную лухту пароў пастух –
За меншае вышморгвалі чупрыны!

– Хай будзе так, – прамовіў немаўля. –
Я вельмі рады гэтай прапанове,
Лаўлю цябе, мой Бальтазар, на слове…
I словаблуд запнуўся, што цяля,
I шапянуў: – Гайда шукаць, панове.

З жабрацкіх ясляў выйшлі пастухі
Да бітага, уезджанага шляха.
За імі ўслед сачыў вачамі страха
Iосіф, і з-пад дахавай страхі
Ўзлятаў вяхір, як сэрца Машыяха.

Iмкнуў бальшак да вечнасці спрадвеч
Між гарадоў памерам з Галіяфа.
Зубрыў малітвы малады Каяфа.
Наперадзе ўставалі ім наўстрэч
Паўсонныя хаціны Кірыяфа…

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш ДАРЫ ВЕШЧУНОЎ - Глеб Ганчароў