Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Цвет нікаціяны

ЦВЕТ НIКАЦIЯНЫ
(паэма)

Когда цветёт никотиана,
Всё, всё тогда полно обмана,
Опасна ночи тишина,
Как то затишье роковое,
Когда коварная волна
Хранит молчанье гробовое.

Леся Украінка

I

Лібава-Роменскі вакзал.
Раство Хрыстова адшумела,
Паўсонны горад ачумела
Ў прыгожым смецці загразаў.

Спыніся ж, моташны цягнік!
Не валачыся ўздоўж платформы!
Гудок праплакаў песню Нормы
I абяссілена панік…

О, Casta Dіva, змрочны бог
Гатовы прагна ўпіцца кроўю,
Але цяпер тваё здароўе –
Пад доглядам маіх трывог!

Хутчэй! Перадвакзальны пляц
Мяне зняможана чакае.
Якая жарсць, туга якая
Далей мне будзе назаляць?

Нахабны вецер, як штукар,
З плячэй зрывае палярынку.
Стаіць ля конкі на прыпынку,
Што кульба, газавы ліхтар.

Неўтаймаванай балбатнёй
Сарочын хор мне косткі мые.
О, вы, сухоты касцявыя –
Бацькі кульгавасці маёй!

Хутчэй! Хутчэй! Бо кожны міг
Мінае марна ў морак мінскі;
Цурок Нямігі, як памінкі,
Iмкне падманліва праз Мінск!

Ну, што ж! Паедзем над ракой,
Напяўшы з варчаком пастронкі.
Трымай плацеж, кандуктар конкі,
Сухой сухотнаю рукой.

Вязі, дрыготкі экіпаж,
Мяне ў туман, jak boga kocham,
I, шпалы, палачкамі Коха
Каханне ўстаўце ў спіс прапаж.

Дзе ты закончышся, сувой,
Бясконцых страт маіх матрыкул?
У безнадзейнасці? У крыку?
У міласціне кулявой?

Пячэ душу маю сухмень
Да амярцвеласці, дасуха,
Як аваднёвая трасуха,
Як палымнеючы прамень.

Не грукачы, пусты вагон,
Стальной рашоткаю па стыках,
Нібы скалечаны каліка
Калоціць мыліцай аб звон.

У неапальнай купіне
Я патану ў струменях слёзных.
Цягні, вазак туберкулёзны,
Наўсцяж Кальварыі мяне.

Касцёл Крыжа Святога, рдзей,
Працяўшы сухмаркі, як гофэр.
Адхаркай, Мінская галгофа,
Шмаццё крывавае з грудзей!

Уціхні, здрыгванне вушэй
Запрэжкі, тут жа ўсё сціхае,
I нават вуліца Сухая
За суш пустынную сушэй.

Хутчэй! Як трохгаловы змій,
Ляціце ўдалеч, каняжынкі,
Бо задихається без жінки
Сергій Мержинський, любий мій!

Папраўлю шпільку ў касмылях.
Вішчаць заржаўленыя рэйкі.
Міхайлаўская. Дом Нарэйкі.
Тут кане мой крыжовы шлях…

II

Шчарбаты, чорны мураваны ганак,
Прысыпаны кальцытам тратуар,
Дзе дворнік зранку падмятае ранак,
Яму гарэлкай дыхаючы ў твар.

Трымай жа грыўню, хабарнік ліхвярны,
Здымай замок са скошаных варот…
Літыя створкі скрыгатнулі скнарна
Па жвіры, як разладжаны фагот.

Разгалістая ліпа, што манстэра,
У шыбу б’ецца скрыўленым суком.
Дык вось яна: Сярожачкі кватэра –
Другі паверх… Падымемся паўзком.

Ах, чортава задышка! Хоць ты енчы,
Што кляча ламавая пад бічом,
О, дайце, ратавальныя парэнчы,
За вас схапіцца свірнавым кляшчом!

Адчыніць дзверы кволая кухарка
I ў драным, неахайным фартуху
Заб’ецца ў кашлі… Ну, хоць ты не харкай,
Не наганяй цвінтарную тугу!

У пасмы закруціўшы папільёткі,
Аберуч учапіўшыся ў сястру,
З пакояў ватным крокам выйдуць цёткі,
Падобныя да пульхных кенгуру,

Якім лядашчасць навязала лейцы.
I, як увасабленне ўсіх маркот,
З-за куфара, бы ў дранай кацавейцы,
Віжуе слепавокі лысы кот.

Хоць скобляй рэж нясвежае паветра –
Атрутнае, што медны купарвас!
За шторамі з прапыленага фетру
Чаўрэе ў гляку высахлы альвас.

I толькі моль пасланкаю хімеры
Грызе заслону лямцавых гардзін,
Каб праз яе мільгнуў праменнем веры
Агонь жыцця ад сонечных курцін.

– Дабрыдзень, пані! Не сярдуйце з гневам,
Бо я сюды па першаму пісьму…
Спытала цётка, што дрыжала злева,
Хаваючыся ў сальную тальму:

– Вы – Лося Косач? Госпадзі! Нарэшце…
Ён штохвілінна заклікае Вас.
Прашу за стол – мы снедаем. Пад’ешце –
У нас з Раства ёсць трошачкі каўбас.

Бярыце чай, вось сітніцы кавалак,
Пляменнік спіць траха што пяць гадзін –
Яму сягоння вельмі дрэнна стала,
I доктар Ёфэ ўпырснуў гераін.

Вох, што рабіць, як раптам ён сканае?.. –
Радзімы знак бурэў з-пад каптура.
– А хто тады нас з Мартай пахавае? –
Прашамкала малодшая сястра.

Шпаком свістала пройма з падаконня,
Старэч ухутваў збіты мухаяр,
Iм песціў падагрычныя далоні
Цяплом надзеі тульскі самавар.

Утрох яны сустрэчу зрэб’ем сцерці
Хацелі б, не хаваючы прычын,
Бо аб’яднала прадчуванне смерці
Нецалаваных зродненых жанчын.

Гарачы чай гарэніў смакам нэндзы
Ды паднябенні пёк да печаі,
З усіх куткоў пранізлівая бездань
Сачыла хіжым позіркам змяі.

Раптоўна: – Лося, Лесенька, Касачык! –
Данеслася маленне з-за сцяны.
Хрыстос глядзеў у несуцешным плачы,
Як трапятліва стрэліся яны.

Мурлыкаў кот, як рой у сытым вуллі,
На стомленых кухарчыных руках,
I маятнікам ходзікі з зязюляй
Секунды перамешвалі ў вяках.

III

– Ну, вось, каханы, я з табой,
Нікуды ўжо цяпер на згіну,
Бо тоесныя андрагіну,
Мы – як два колы пад арбой.
Нам поплеч трэсціся ўдваіх
Па крамяністаму каменню
I выехаць у час вясенні
Да роўных вуліц гарадскіх.
Табе не прыйдзецца тужыць…
– Я буду жыць?
– Ты будзеш жыць!

Як толькі падужэеш ты,
То мы – на красавік ці травень –
З табой адправімся наяве
Ў шпіталь швейцарскі, дзе хрыбты
Альпійскія буйной градой
Праколваюць блакітны полаг,
Там ты забудзеш аб уколах,
I мы павольнаю хадой
У горы пойдзем, дзе сняжыць…
– Я буду жыць?
– Ты будзеш жыць!

О, не смуткуй, каханы мой!
Мы ў Ялту з’ездзім, як залетась,
Ды зноў татарскія рулеты
Скаштуем з вішняй і хурмой.
Мы на шаландзе паплывём,
Ты веславаць мяне навучыш,
Неспадзявана шторм грымучы
Ўначы ўзарвецца бугаём,
Да гарызонту пабяжыць…
– Я буду жыць?
– Ты будзеш жыць!

Нас прыме ветлівы гатэль,
Дзе пераборлівыя петлі
Сплятаючы са струн басэтлі,
Музыка грае багатэль,
I дзе, нібыта ручаі,
Цячэ духмянае паветра
Па спусцістых баках Ай-Петры,
Як пена з келіха Аі,
Што рот засохлы асвяжыць…
– Я буду жыць?
– Ты будзеш жыць!

– Тады адразу напішы
Дзеля найбольшай славы боскай
Да Верачкі, да Крыжаноўскай.
Яна ля Вяткінскай шашы
Сумуе ў ссылцы ў Волагдзе.
Няхай за лёс мой недарэчны
Яна памоліцца сардэчна,
Нібы за вязня на судзе,
Які ад жудасці дрыжыць!

– …Я напішу.
Ты будзеш жыць!..

IV

Як марудна, звычна і марудна
Крапалі рыцынавыя дні!
Ніва пераліўчатая брудна
Пэцкалася ў колер галаўні.

Лопаліся ў кашлі альвеолы,
Марныя чаканні йшлі ў разнос.
Апускаў штодня ніжэй да долу
Доктар Ёфэ талмудысцкі нос.

Лося сябра з лыжачкі карміла,
Прыпавесць чытала з паляі,
Як Гасподзь, пачуўшы кліч з Карміла,
Даў жывы агонь для Iліі.

Даў агонь… Што згнілае палена,
Босва націскала на педаль,
I маладзіковы вальс Шапэна
Вылучаў эбенавы раяль.

Даў агонь… У радасці натужнай,
Са слаты цягнуўшы важкі воз,
Замярзала ў апраметнай сцюжнай
Тое, што не вычарпаў Хрыстос.

I, калі да дна сцякла надзея,
Засуха настала на душы –
Перад дэісусам дабрадзея
Засталося плакаць за шышы:

V

– Калі Бог разышоўся на шостыя суткі тварэння
I ў натхнёным азарце да плеч закасаў рукавы,
Ён не думаў, што паўшы анёл са сваіх сутарэнняў
Яд упырсне раздвоеным джалам у вобраз жывы.

Ён даверыў свайму параджэнню глыбозныя нетры,
Неабсяжныя землі і недасягальную цвердзь,
Але лепшы з дароў змей-спакуснік прысвоіў з паветра –
Гэта права на смерць. Гэта права на годную смерць!

О Iсусе, чаму ты яму гнаякроўную рвоту
Згодна з жэрабем жорсткім аж поўную міску наліў?
Сачавічная поліўка з пахам з’ялчэлага поту
Аніколі не будзе цаной першародства зямлі.

Ты ж уведаў, што гэта такое – пякельныя мукі,
Калі боль і адчай пачынаюць сваю кругаверць,
Калі цвік прапякае кап’ём распасцёртыя рукі,
А ты моліш аб праве на смерць. На імгненную смерць!

Сіл не стала ў мяне – крывасмокам хвароба ўвассала
I любоў, і жыццё, і надзею, і праведны сон,
Быццам пыхнула іскрай на цэру сухую красала –
I душа дагарэла, крывёй акрапіўшы вісон.

Я стамілася, Панна! Я, што залатушнік, засохла,
Перамолата жорнамі сэрца, як мулкая дзерць.
Галубінай пяшчоты сасмагла бязмужняя похва.
Дай жа права на смерць! Дай жа права на хуткую смерць!

Яму болей ні дня і ні ночы пакуты не здолець.
Дык забі Ты яго, міласэрны, чуллівы Гасподзь!
Забяры да сябе, вырві з поля зямное юдолі,
У вянок упляці, нібы водарную цяпалоць.

Распускаецца ў болю жыццё, як у воцаце перлы –
Забяры, колькі хочаш: пакінь мне васьмушку ці чвэрць;
Раскавельвай мяне, бо і так мая душачка сшэрхла,
Толькі дай яму права хутчэй на лагодную смерць!

VI

Так кожную ноч спрабавала яна
Ў малітвах ратунак знайсці давідна.
Чадзіў у лампадцы з алеем драўляным
Бавоўнавы кнот перад стомленым Панам.
Куродым руды завіваў валакно
Дзягцярнае сажы ў сляпое акно,
У дзірку, заткнёную звязкам мачал.
Маўчала зямля. I Збавіцель маўчаў.

Часамі ў надзеях аб яраснай мэце
Душа пагасала, як мокрае вецце.
На скрыні кухоннай сівая кухарка
Траскуча храпла, што ў сатэйніку скварка,
Старэчы саплі праз макротны катар,
I кот пад чарэнню ў паўсне варкатаў.

Ледзь меней за месяц у пацерах гэтых
Завоблачны Месяц змяншаўся на ветах –
Змяншаўся, худзеў, раставаў ды марнеў…
I Рыбы плылі праз Авенавы зеў.

Раптоўна скрозь скрыганне весніц на шулах
Яна басанож, у начное кашулі,
На мулкай падлозе маліўшыся ніц,
Пачула ў адказ пасля свята Грамніц
Ад ліка Iсуса нямое пытанне:

– Ты цэніш Сяргея жыццё не затанна?
Як можна прасіць, каб хвароба забіла,
Каго ты да болю бязмерна любіла?

– Так, Божухна мой! Я кахаю бязмерна,
Я ўзважыла ўсё на спружыне бязмена,
Я лёс адмярала яму сямікратна,
Я зубы ламала, каб выгрызці краты,
Я ведзьмай камлала, каб вынішчыць псоту,
Я ў рот цалавала, каб скрасці пярхоту,
Я білася ў сутаргах раненай птушкай,
Я рылася ў джутавым смецці нясушкай,
Я ў вочы яго безадрыўна глядзела,
Я ноччу яму аддала сваё цела,
Я мыла яго ад мачы і ад калу,
Я выла – ні словам яго не ўпікала,
Я з пасмаў грабенцам часала пачассе,
Але я згібела нарэшце па часе!
Я знікла, што змрочны надбагнавы гнюс,
Я плоццю змарнела… I мовіў Iсус:

– Ты хочаш ад гора схавацца ў мане?
Дык я раскажу, як забілі мяне.
Я гэтак жа думаў, народжаны ў свяце,
Што мне не прызначана лёсам распяцце,
Я з пропаведдзю падарожнічаў міма
Муроў Віфлеема, сцен Ершалаіма,
Палёў Галілеі, дамоў Назарэта,
Свядома абраўшы лёс анахарэта,
I сноўдаўся ўсюды па свеце за мной
Апосталаў тузін хвалебнай шпаной,
Ліслівіў, падлізваўся напрапалую,
Навыперадкі распяваў алілую.
Але, як адзелі мяне ў рызманы,
Куды іх садзьмула? Дзе зніклі яны?..
Калі на крыжы я, што рымскі трафей,
Матляўся, то побач быў Левій Матфей,
А іншыя вучні ва ўтоеных норах
Дрыжалі ад кожнага шораху ў шорах.
Пад сонцам распаленым месяц нісан
Iрваў маё цела, як хіжы сапсан.
I толькі руплівае дбанне Матфея
Мяне зберагло ад зняваг фарысеяў,
Я толькі дзеля пастаянства яго
Прымаю Сяргея да царства свайго.

Ты зараз – такі ж непахісны слуга
Нясцерпных пакут. Дык настала чарга
Прадставіць нябогу маім алтарам…
Iдзі ж да яго, одержима Мір’ям!

VII

Крыжаноўскай Веры Рыгораўне.
Дом Карпухіна па Навінкавай
(Уваход з Бабрышнага ўгорання
Каля з’езда ад плошчы рынкавай).
Горад Волагда.

“Паважаная,
Незнаёмая Вера Рыгораўна!

Вам павінна з вялікім жалем я
Расказаць, што ўначы паскорана,
У злагадзе з сабой ды іншымі
Ў асабістай кватэры мінскай
Адышоў Сяргей Канстанцінавіч
Мяржынскі.

Перад смерцю ён прычасціўся
I прыняў ад Хрыста сабораванне,
I ўвайшоў у чартог прачысты
Задаволена, недакорліва.
Ён прасіў мяне, каб я зараз жа
Вам паведаміла пра гэта.
Ён цяпер – у бліскучым зараве,
А не ў немачы апраметнай.
Ён у краі цяпер рабінавым,
Чарамшынавым, ядлаўцовым.
А яшчэ Сяргей Канстанцінавіч
Папрасіў перадаць два словы:
Ён сказаў, што, калі Вы ў Кіеве
На Дняпры першы раз сустрэліся,
Ён аслеп, як пад зрокам Віевым,
I прапаў, нібы трус падстрэлены.

Калі ласка, прыміце ветліва
Развітальны паклон ад віцязя.
Не цурайцеся гэтай вестачкі –
За Сяргея лепш памаліцеся.
Памаліцеся за пакутніцтва,
За хваробу яго смяротную;
Што ад болю хацеў атруціцца.
Памаліцеся ў Велікодную!
Так! Ён ведаў, што Вы – няверніца,
Ды аднак жа пастаўце свечачку –
Ён ніколі адтуль не вернецца
На сцяжыначку чалавечую!

Яго сёння ў царкве адпелі
Сакавіцкім паўднём астылым,
I цвілі ў труне імартэлі –
Я Сярожачку не любіла!
Вы мяне не раўнуйце, пані, –
Не любіла зусім. Наогул!
Вам належыць яго каханне:
Прысягаюся перад Богам!
Я яго нецярпела нават:
Яго шчокі, усмешку, вусны,
Яго смешную кучаравасць,
Яго позірк – такі спакусны,
Яго цела ў радзімых знаках,
Яго рукі з вялізнай сілаю,
Пацалункі з мядовым смакам…
Я яго не кахала, мілага!

Ён ляціць да Хрыста азорана,
Да палаца яго хрустальнага!
Дарагая Вера Рыгораўна…”

Перакрэслена. Неадпраўлена.

VII

Ну, вось і ўсё: у сакваяжы,
Як у вандзэлку жабрака,
Ляжаць маткі ваўнянай пражы,
Лісток з магільнага вянка,

Няскончанае рукадзелле,
Праколаты пруткамі шаль;
Па-змоўніцку хаваў вандзэлак
Мініяцюрную эмаль

У філігранным медальёне
(Чый быў там твар, чый светлы лік
Паміж дзвюх вечак у палоне,
Замкнёных на тугі гаплік?);

Два пятакі, што непазбыўна
Спыняюць зрок у свет людскі –
Дзве неразменныя паўгрыўні,
Каштоўнейшыя пятакі,

Што ўпотайкі зняла з павекаў,
Не даўшы ў гліне ззелянець…
У флігелі гамарнік кхекаў,
Літуючы літую медзь.

Кот лашчыўся да паварыхі,
Сястры трымалася сястра,
I падалі глухія ўздыхі,
Як кроплі падаюць з вядра.

Па вулцы шнырылі гавэнды
Пад малітоўны перазвон.
З-за рога прыцягнулі скрэнды
Запоўнены бітком вагон.

– Абрыдлы горад! Маё сэрца
Ты прадзіравіў, быццам цвік!
Абсып жа, дворнік, соллю з перцам
I гэты двор, і сакавік,

I ржавы віск прагнілых весніц,
I цвёрды гужавы трамвай –
Але пагорак на Пярэспе –
На могілках – не засыпай!

…Вагон рыпеў, на бок крывіўся,
Хістаў шматлікіх ездакоў,
I ў хітрых поглядах таіўся
Неўціхаміраны дакор.

На кожным стыку, завароце
Аб сценку білася нага,
Нібы чаротніца ў чароце
Альбо ў нябёсах пустальга.

– Прашу сядаць! – хлапчук чарнявы
Гадоў васьмі ці дзесяці
Ёй саступіў краёчак лавы
(Амаль як месца ля куцці).

Яна ўступаць не стала ў спрэчку,
Бо спакушаў прывабны сон.
У хлопца ўзвуз на паліцечку
Шарэў мышыным паясом,

Башлык пацёрты на вушанцы
Пасуе цесным рукавам,
На шчоках яркія румянцы,
Ласкавы шэпт: “Мо больна Вам?”

– Не, паніч, мне цяпер не больна –
Цяпер не ў болю кабала:
Я паляцець хачу прывольна
Туды, дзе радаснай была,

Туды, дзе мора мяккай хваляй
На пляжы злізвае пясок,
Дзе на квітнеючым міндалі
Збіраюць пчолы п’яны сок,

Дзе ў страсці пацалунак гіне,
Украдзены ўначы з крывёй,
I кожны струннік – Паганіні
З рассохлай скрыпіцай сваёй…

Чаму без хітрыкаў сказала,
Яна не ведала сама.
З-за павароткі гмах вакзала
Ўставаў, што душная турма.

Паклон галантнаму суседу:
– Вы прыязджайце ў Ялту – ў Крым.
– Пакорна дзякую. Прыеду.
– Як Вас завуць, спадар?
– Максім.

– Ну, што ж, Максім, хай сябар здрадны
Вам не сустрэнецца ў жыцці,
Лёс зможа ніткай Арыядны
Ад Мінатаўра адысці;

Каб не паставіла капкана
На Вас смяротная бяда,
Когда цветёт никотиана,
Как догоревшая звезда…

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (2 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Цвет нікаціяны - Глеб Ганчароў