Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Царкоўная мыш

У цэркаўцы глухога гарадка,
Узведзенай за каралём Гарохам,
Старэча непрыкметная патроху
За казанню падглядвала з кутка.

Як толькі ў храме наставала ціш,
I паства – аднамысніца па веры –
Знікала праз расхлябаныя дзверы,
На аналой караскалася мыш.

Начамі ў асяроддзі камароў
Знаходзіла тут ежу і прытулак,
Ды стул спраўляла на сядзенне стула
Па-блюзнерску сярод святых дароў.

I назіраў нябесны чараўнік,
Як, з намаганнямі спатоліць смагу,
Яна старанна надавала ўвагу
Збуцвеламу абкладу Кнігі Кніг.

Цвыркун з амбона стракатаў псалом,
Прастора пахла яблыневым цветам,
Пустэльны храм здаваўся мышы светам,
Запоўненым праменнем і цяплом.

У прадчуванні радасных навін
Яна штоноч глядзела мімаволі
На зорку, што з недасягальнай столі
Ёй несла дараванне страшных він.

Мігценне тое з далі незямной
Ляцела, абмінаючы бар’еры,
I знала мыш, што гэта прыйсце веры,
I верыла, што для яе адной.

… Яна памерла зранку, па вясне,
У вельмі светлы тыдзень Велікодны.
Ёй Бог не здолеў даць ратунак годны,
Але падорыў ціхі скон у сне.

Сыходзячы ў бяздонне, нібы здань,
Мыш сцяміла, заплюшчыўшы павекі,
Што зорка лье святло цераз парсекі
Праз дзірку ад струхлелага гвазда.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Царкоўная мыш - Глеб Ганчароў