Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Хвоі шумяць



Хвоі шумяць вершалінамі звонку.
Ціха сухая ігліца злятае.
Дзяцел дзяўбе сухастоіну звонка –
Хату будуе ці корму шукае?

Ціха пад шатамі бору старога,
Быццам няма набажэнства у храме.
Раптам спынілася нават дарога
Перад пагоркам, парослым крыжамі.

Пазарасло пустазеллем каменне –
Рэшткі падмурка маленькай капліцы.
Толькі – мурашак руплівых тварэнне –
Строміцца ўверх піраміда з ігліцы.

Плямы святла рэжуць позірк замглёны.
І камяні ўжо ад часу ссівелі –
Не прачытаць і не ўспомніць імёны
Тых, каго тут, на пагорку, адпелі.

Могілкі… Толькі даўно не хавалі.
Добра жывецца, што так зажыліся!?
Потым даведаўся – людзі сказалі –
У наваколлі ўсе вёскі звяліся…

1999



1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Хвоі шумяць - Георгій Ліхтаровіч