Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове


Верш Вясёлыя разважанні на могілках

Мы на могілках, зязюля,
Хопіць варажыць.
Тут усе даўно паснулі –
Хутка час бяжыць.

Што ў мінулае галёкаць,
Памяць церушыць?
Ціха спяць да локця локаць –
Не разварушыць.

Васкаваты спрэс барвінак
Цьмяна зіхаціць.
Па бясконцасці сцяжынак
Можна дзень хадзіць.

Шлях на вечны адпачынак
Просты – не зблудзіць.
Спяць мужчыны, спяць жанчыны…
Іх не абудзіць.

Тут заўжды і ў спёку дрогка,
Ды нашто тужыць?!
Кажаш, паміраць нялёгка,
А ці лёгка жыць?..

Гэты ўсё спазнаў, а гэты
Не паспеў зграшыць,
Але ўсе яны адпеты –
Не перарашыць.

Ну а гэты? Ён са свету
Здолеў жонку зжыць.
Год мінуў, як здзейсніў мэту, –
Побач з ёй ляжыць.

Мажны пан, няўклюда-лёкай –
Тут не нам судзіць –
Мо ў краіне той далёкай
Разам будуць жыць?

Нехта скончыў век у ложку,
Нехта – на крыжы.
Лепш не знаць сваю дарожку –
Божа, беражы!

Не знайсці брадоў у Леты,
Лёс не падкупіць.
Да кладоў – адзінай мэты –
Хутка век ляціць.

Думка, жвавая вавёрка,
У гушчар бяжыць:
Паміраць заўсёды горка,
Мо салодка жыць?

І пытанне, што кароста,
Цэлы час свярбіць,
І адказ шукаць не проста –
Быць мне ці не быць?

Ды “ку-ку”, як напамінак,
У галлі дрыжыць.
Не, яшчэ не мой прыпынак.
Выпадае – жыць!

Птушка, як наканавана –
Так таму і быць.
Паміраць не так складана,
Больш складана – жыць!

2000

Верш Вясёлыя разважанні на могілках - Георгій Ліхтаровіч