Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Столін

Праз Гарынь мінаю мост –
Шыльда. Што ў ёй стоена?
Запытаюся наўпрост
У самога Століна.

Столяць хату мужыкі
Ў местачковым Століне,
Паглядаюць убакі, –
Можа, хто па сто ліне?

Выпіў з імі, агурком
Прыкусіў прысоленым
І сваіх пытанняў ком
Вываліў пра Столін ім.

І пачуў: усе наўкол
Замаўлялі столі нам.
Вось адкуль пайшоў засол –
Стала места Столінам.

Стопкі зноў я наліваў –
Добра йшло на волі нам!
Тут на пах прышкандыбаў
Рыбачок няголены.

Новы паварот узнік:
Кажуць рыбакі здавён, –
Сто лінёў злавіў мужык.
З тых часоў і Столін ён.

І пайшло – пад чарак звон
Жыхары прыстойныя
Пацягнуліся гуртом
Расказаць пра Столін мне.

Хто цыбуліну прынёс,
Хто прыпёр фасоліну…
На гарэлку попыт рос –
План далі мы Століну.

Ўсё да слоўца запісаў,
Аж нацёр мазоліну –
Столькі новага спазнаў
Дзякуючы Століну.

Што сталіцу пры вадзе
Заснаваць прастольную
Марыў князь тут кагадзе.
Назву ён даў Століну.

Варыянтам страціў лік
Сшытак мой скрамзолены.
Неўзабаве маладзік
Узышоў над Столінам.

Прызнаюся – сам стрымаў
Гутаркі застольныя,
Пасашковы тост узняў,
Страмянны за Столін я.

Потым з музай на сяннік
Я пайшоў здаволена,
А крыху пазней узнік
Гэты верш са Століна.

2001

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Столін - Георгій Ліхтаровіч