Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Беларусканал

Вясна, але даволі хмарна.
У полі шыльдачка – Карма.
Прыкмет жыцця амаль няма.
Чарнее зеўраю пачварна
Канал – нацятая струна.

Вар’яцтва жудаснага сна:
Адрына побач, як труна.
Трымае ніцы плот вычварна
Калючы дрот – суздром турма.
Што Беламор і Калыма? –
Жытла шукае бусел марна!

Знікае вёсачка Карма.
Хто скажа мне, чыя віна?..
Змяяцца каляіны парна,
Наўсцяж – дурнота і мана,
Як шрам на шыі ад ярма.

Перамаглі прыроду ўдарна,
Ды відавочна, што дарма.
Цяпер наперадзе – сума.
Нямее краявід папарна.
Шматкамі роднага радна
Губляем Беларусь здаўна…

Вось шыльдачка яшчэ адна
Чырвоным скрэслена ахвярна.
Усё!.. Праехалі… Няма!..
Не ўспомніць вёсачка сама,
Чаму – Карма?
Ці можа… Карма?

2001

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Беларусканал - Георгій Ліхтаровіч