Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове


Верш Камбайны

Камбайны
Я падшыванцам быў няўрымсьлівым, калі
Да нас аднойчы
Упершыню прыехаў шэраг веліканаў
Незямных.
Усьмешкай у сяброў на ўвесь шчарбаты твар
Зіхцелі вочы,
Ад прадчуваньня незвычайнага чагось
Сьцінала дых.

Мы беглі ўсьлед за імі, як ставала сілы,
Ўскрайкам нівы
І летуценілі ў рэальнасьці й трызьненьня
На мяжы.
Вось здрыганулася пад коламі зямля,
І палахліва
Чародкай спуджаных шпакоў за імі мы
Пайшлі кружыць.

Я ўжо не помню з-за адлегласьці гадоў,
Хто быў тым богам,
Хто паміж хваляў свой спыніўшы карабель,
Да нас гукнуў:
“Чаго панылыя павесілі насы?
Ану, нябогі,
Давай скачы на мосьцік мігам да мяне,
Хто першы, ну?!”

Здаецца, сонца абвалілася зь нябёс
Такіх бяскрайніх,
І жоўтым полымем пшанічнага агню
Ўсё заліло.
Праз тое полымя дзівоснага сьвятла
Ідуць камбайны
І сабіраюць поўнай жменяю ў кішэнь
Нябёс сьвятло.

10.03.2013

Верш Камбайны - Георгі Станкевіч