Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове


Верш Аблокі памяці

Аблокі памяці
Аблокі маёй памяці
Плывуць удалячынь,
Пакружацца і зноў
Лятуць у вырай.
Але мне і сумаваць цяпер
Зусім няма прычын,
Калі сказаць вам
Ад душы і шчыра.

Я лёгкай дзьмухавінкаю
Ўзьлятаю да аблок,
Жыцьцё сваё
З нябёсаў аглядаю.
Як добра, што ўсё дробнае
Ня бачыцца здалёк,
Як добра, што ўсё дрэннае
Зьнікае.

Суседжуся тут з птушкамі
І зь ветрам, і парой
Сам станаўлюся
Трошкі бесхацінцам.
Здаецца, яшчэ крышачку –
Ўзгадаецца пароль
Ў краіну непаўторную
Дзяцінства.

Аблокі маёй памяці
Памчаць тады на ўрок,
Дзе ты якраз
Перада мной сядзела.
Вярнуцца б на хвілінку,
Каб паправіць касьнічок,
Той, за які калісьці
Тузаў сьмела.

Аблокі маёй памяці
Плывуць удалячынь,
Пакружацца і зноў
Лятуць у вырай.
Але мне і сумаваць цяпер
Зусім няма прычын,
Калі сказаць вам
Ад душы і шчыра.

Я ўдзячны вам, аблокі,
Што для вас няма мяжы,
Што з вамі можна
Вандраваць бясконца.
Аблокі маёй памяці
Плывуць удалячынь,
Ў краіну, дзе заўсёды
Сьвеціць сонца.
19.05.2013

Верш Аблокі памяці - Георгі Станкевіч