Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Раней, чым устане сонца

Раней, чым устане сонца
І падорыць святло і цяпло нам,
Устаюць ва ўсім свеце маці
І ў печы распальваюць дровы,
Кастры на падворках,
І прымусы,
І керагазы,
І пліты,
І электрапліткі,
Каб раней,
Чым устане сонца,
Накарміць нас і абагрэць.

Маленькія сонцы кухань –
Агонь трапяткі і зыркі
Адамашнілі, пэўна ж, маці, –
Я ўпэўнены,
Што агонь калісьці
Першыя здабылі яны.
Мусіць, таму,
Што на свеце ёсць маці,
У самыя чорныя-чорныя ночы,
Калі не было
І ў паміне запалак, –
Не звёўся агеньчык у печы:
З вугельчыка
На вугельчык
Ён пераскокваў
Чатыры гады –
З ночы ў ноч,
З году ў год.
І не гас,
І не тух
У іхніх гарачых далонях,
Іхнім дыханнем сагрэты.
І нават мужчыны
Прыкурвалі
Ад вугельчыкаў тых.

Раней,
Чым устане сонца,
Падорыць святло і цяпло нам,
Устаюць ва ўсім свеце маці,
Каб агонь распаліць…

Без яго
Мы людзьмі першабытнымі
Сталі б.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Раней, чым устане сонца - Генадзь Кляўко