Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове


Верш Дзяўчынка малюе

Хоць за смерцю стаяць у чарзе,
Дзеці ёсць дзеці.
Скачуць на адной назе,
Забыўшы пра ўсё на свеце.

Жыццё іх – на валаску…
Кат, не чапай малую!..
Трэсачкай на пяску
Дзяўчынка малюе.

Сонейка – ясны дзень! –
Хата над рэчкай.
З коміна дым ідзе –
Паліцца печка.

Мама
Смачнае самае
На абед гатуе…

Хто іх сягоння з мамаю
Ад смерці ўратуе?!.

Жыццё іх – на валаску…
Кат, не чапай малую!..
Трэсачкай на пяску
Дзяўчынка малюе.

Сонейка – ясны дзень!
Рада малеча.
З коміна дым ідзе…
І з асвенцімскай печы.

Верш Дзяўчынка малюе - Генадзь Кляўко