Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Закон раўнавагі

Я ўлюблёны у зоркі.
Хоць мушу пакаяцца шчыра –
Не магу пагадзіцца
З рэальнасцю іх існавання:
Мне здаецца штоночы –
Яны адлятаюць у вырай
У краіну далёкую
З дзіўнаю назвай – Світанне.

Не магу я паверыць
У жорсткі прысуд астраномаў.
Жаўрукамі трымцяць
Мае зоркі ў бясконцым Сусвеце,
І пяюць яны песні
На мове сваёй незнаёмай,
І згараюць пад сонцам,
Спяваючы гімны бяссмерцю.

Вы паслухайце ноч,
На зямлі затаіўшыся нема,
Паўглядайцеся пільна
У зорак далёкіх трымценне –
І пачуеце вы
Покліч зорнага неба.
І балюча ў душы
Адгукнецца закон прыцягнення.

Я ўлюблёны і ў яблыні –
Па-зямному аддана, да скону.
Асалодай душу
Напаўняе закон прыцягнення,
Калі я адкрываю
У іхнім цвіценні шалёным
І нявечнасць быцця,
І шчаслівую вечнасць імгнення.

Быццам сокам,
суквецце
Дабрынёй і любоўю нальецца,
Ападзе на далоні аднойчы
Антонаўкай спелай…
Мо таму на зямлі
Нам шчасліва і ўтульна жывецца,
Што ў садах нашых яблыні –
Яблыні ў квецені белай.

Абвяргаю цябе я,
Закон прыцягнення суровы:
Вабяць зоркі мяне –
Хопіць сіл і адвагі.
Толькі як адарваць
Сваё сэрца ад яблынь вясновых?
І таму адкрываю
Шчаслівы закон раўнавагі.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Закон раўнавагі - Генадзь Дзмітрыеў