Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове


Верш Я ўжо зусім ня злосны

Я ўжо зусім ня злосны.
Мой гнеў адпалымнеў.
Разьятраныя вёсны
Даўно ня сьняцца мне.

Ня ходзяць талакою
Ні зайздрасьць,
Ні жуда.
У акіян спакою
Сплыла гадоў вада.

Няхай цяпер другія
Бягуць да перамог.
Я нават настальгію
Здушыць у сэрцы змог.

Я з думкаю зьмірыўся,
Што зараз –
Іншы час,
Што бітвы
I піры ўсе
Сягоньня
Не для нас.

Я ветла саступаю
Дарогу маладым…
Хаця
Сьляза скупая
Навернецца пры тым…

Верш Я ўжо зусім ня злосны - Генадзь Бураўкін