Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Халодны сквер дашчэнту абляцеў

1
Звон – несціханы, натужны, напяты –
Зводдаль трывожыць прастор-наваколле.
Як кінуць вокам – ні гумнаў, ні хатаў,
Ні дзетвары, ні жытнёвага поля.

Вёскі пазнака – у чорным граніце.
Зрубы-вянцы замест хатаў – бетонныя.
Сонца нязрушна стаіць у зеніце.
Ў нерушнай немачы – ціш навакольная.

Часу застыла смуга-павалока,
Памятку вогненных дзён расскрыжаліла:
Ў бестэрміновай жалобе глыбокай
Звон-напамінак на свет цэлы зладзіла.

Сцішана. Скрушна наўкол. І самотна.
Вечнасць сама тут у смутак агорнена.
З лёсу бядотнага, з долі гаркотнай
Ные-шчыміць зноў у сэрцы расколіна.
………………………………………….
2
Ў неба скрозь замець вясновага рання
Чорнага дыму клубок узвіваецца…
-Дзе ж тое выйсце? Дзе выратаванне? –
Вочы і рукі людскія хапаюцца

За аскалёпак жыцця выратоўны –
Жменю паветра гарача-атрутнага,
Цягнучы рукі увысь малітоўна,
Прагнучы вырвацца з пекла пакутнага.

Плоймы агню спапяляльна-сляпыя
Рвуцца, шугаюць увышу раз’юшана.
Глушацца ў полымі крыкі людскія,
Целы ад болю і жаху пакручаны.

Стогны і енкі ў палаючай пуні…
Голас дзіцячы, адчайна-надрывісты…
Стрэл кулямётны… Здрадлівыя кулі…
Погляд забойцы халодна-ваўчыністы.

Літасці й жалю не ведалі каты –
Племя манкуртава, выпладкі варвараў.
Помсцілі-нішчылі ўсё юданяты
Помстаю жудаснай, лютай, пачварнаю.

Гінулі людзі – жывымі гарэлі
Ў полымі страшным – ні ў чым не павінныя.
Ах, як жа жыць яны прагна хацелі,
Мары снавалі свае сакаліныя!

Песні спявалі – аж свет дзіваваўся! –
Несліся зыкі над ніваю зжатаю.
Не даспявалі… Той спеў абарваўся
З прышлай навалай, з вайною заклятаю.

Доліца скрутная іх напаткала,
Неспагадлівая, злая, каляная,
З першай праталінай, сонцам ласканай,
З першай вадзіцай вясноваю, талаю.
………………………………………………….
3
Звон пераліўны – шчыроўна, упарта –
Будзіць прыспаныя далі лясныя
І з неадольнай і моцай, і гартам
Просіцца ў душы і сэрцы людскія.

Просіцца песня – лясная, жывая –
Не удаваная, не металёвая, –
Песня з майго васільковага краю,
Песня світальная – жаўруковая.

Над скамянелай вайною – у вышы,
Па-над сінечай крыштальна-празрыстаю, –
Будзіць жаўрук весняй раніцай цішу –
Мірную, родную, любую, чыстую.

Спеў мілагучны, да болю знаёмы,
Звонка гучыць над зямлёй не сціхаючы,
Край запаветны, край светлазялёны
Песняй вясны пераможна вітаючы.

Памяць спаўе маё сэрца тугою,
Спеў жаўрука – дасць мне моцы жыццёвае.
Слухаў, здаецца б, абуднай душою
Гэта літанне – за свет – жаўруковае.

Не супыніць гэту цудную песню
Над жыццядайнай адталай праталінай…
Ўпарта, нязмоўкла звініць напрадвесні
Спеў жаўруковы – над памяццю спаленых.

17-19.01.2013

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Халодны сквер дашчэнту абляцеў - Генадзь Бураўкін