Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Над бясконцасцю акіяна



Над бясконцасцю акіяна
Цьмяна ўспыхвае зараніца.
Ад бяссонніцы акаяннай
Мне да раніцы не адбіцца.

Сярод скал бесхацінцам пахілым
Адзінота згубілася недзе.
Мне ж за выцвілым небасхілам
Hi бароў, ні сяброў не разгледзець.

Так далёка-далёка ад дому.
Б’ецца сэрца трывожна і гулка.
Настальгію сваю і стому
Я схаваў пад падушкай мулкай.

Дагарае апошняя знічка
На чужым раўнадушным небе.
А радзіма мяне не кліча.
Я радзіме, відаць, не патрэбен.

Што ж, ізноў, як сын нелюбімы,
Застануся з надзеяй і болем…
А мая дарагая радзіма
Мне патрэбна ўсё болей і болей.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Над бясконцасцю акіяна - Генадзь Бураўкін