Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Чорнай навалай коціцца зверху

Чорнай навалай коціцца зверху
Гвалт небывалы,
Раз’ятраны вэрхал:
У кіраўнічых суровых прамовах
Бэсціцца зноў беларуская мова:
Быццам бы наскія словы не здатны
Выказаць талент і розум выдатны.

Новай уладзе не пашанцавала –
Хоць да спадобы ёй бульба і сала,
І самазвалы,
І фермы,
І нівы,
Непераборлівы люд наш цярплівы,
Бор карабельны,
Мёд верасовы, −
Косткаю ў горле народная мова.
Колькі душылі яе і травілі,
А не складае падбітае крылле,
А ўсё жыве і ніяк не канае –
Песня азёрная,
Казка лясная.

Перажыла наша родная мова,
І Бенкендорфа, і Мураўёва,
Панскія здзекі,
Чэкісцкія чысткі,
Рогат імперскі,
Вырак фашысцкі…
Тых,
Хто з трасянкаю ў галаве,
Перажыве!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Чорнай навалай коціцца зверху - Генадзь Бураўкін