Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Абцалую цябе

Абцалую цябе,
Абшапчу,
Адагрэю,
Не пушчу ні на міг
У сівую зіму.
Над вяршынямі сосен,
Над вольным палётам барэю
На далонях прызнання
Да Бога самога ўзніму.

Я не дам табе слова сказаць –
Я ўсе іх разгадаю.
Я на вуснах тваіх
Прачытаю найлепшы свой верш.
Над шляхамі і снамі,
Над песнямі і над гадамі
Ты,
Як месячык ясны,
У казку маю паплывеш.

А на грэшнай зямлі
Мы прысядзем пад яблыняй белай, –
Я ўсе кветкі і травы
Пакладу табе моўчкі да ног,
Ад нязнанага шчасця,
Ад удачы сваёй захмялелы,
Малады і наіўны,
І твой раб,
І твой бог…

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Абцалую цябе - Генадзь Бураўкін