Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Выбух. (выбух на станцыі “Кастрычніцкая”)

Сярод ахвяр няма маіх знаёмых,
Але пачуцці захлынулі сэрцы ўсіх:
Вар’яцкі выбух адгукнуўся ў кожным доме,
І не пакінуў раўнадушнымі жывых.
Японія і Лівія далёка.
Здавалася: бяда нас абміне.
Заціхнуў боль Чарнобыльскіх аблокаў.
Нямігу помнім як у цяжкім сне.
А тут… За што? Каму такое трэба?
Якая маці нарадзіла тых пачвар?
Якое сонца ім свяціла з неба?
Як яны глянуць сёння людзям у твар?
Бог мілаваў не апынуцца ў пекле,
У той момант не спусціцца ў метро,
Не бачыць наяву, як быццам секла
Мінчан на часткі жудаснае зло.
Не давялося дымам задыхнуцца.
Трацілавы смурод не ўяўлю.
Няма крыві на рукавах у куртцы.
А слёзы л’юцца.
Крыўдна за зямлю,
За родны кут, спакойны, цёплы, мілы,
Дзе дарагая сэрцу нівы пядзь.
Няхай майму народу хопіць сілы
І гэты выклік з мужнасцю прыняць.
Сябры мае! Любімыя! Трывайце!
Мы – беларусы! Верце у добро!
…Ліхтарыкам надзеі на асфальце
Міргаюць свечкі. Кветкі ля метро.
Загінуўшых, на жаль, мы не падымем,
Не павярнуць назад падзеі час.
А гэты дзень яшчэ адной святыняй
Адразу стаў для ўсіх для нас,
для ўсіх для нас.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Выбух. (выбух на станцыі “Кастрычніцкая”) - Ганна Рэлікоўская