Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Жывая прырода

Вярнуўся нейкі муж дамоў
з далёкае дарогі.
Прамовіў жонцы колькі слоў,
няўзнак да люстры падышоў…
Там… Што такое?.. Рогі?..

На мужа з люстры паглядаў
рагаты хтосьці, шэры…
Уцяміў муж: там – ён стаяў!
Муж, скалануўшыся, пачаў
насіцца па кватэры.

“Кашмар!.. Няпраўда!.. Божа мой!
Адкуль яно ўзялося?!.
Таблеткі, жонка, дай якой…
І што з маёю галавой
такое адбылося?..

Жывёла быццам… Быццам лось…
О, жудасная з’ява!
Сляпое, вычварнае штось…
Ах, як хачу, каб гэта вось
у сне было, не ява!..

За што?.. Я – мілая, павер! –
ні ў чым не вінаваты…
Чысцюткі!.. Як мне жыць цяпер?..
Хавайся ад усіх, бы звер…
О, гэты дзень пракляты!..”

Ягоную кабету бог
зляпіў на дзіва лоўка:
даў бюст высокі, стройнасць ног
(эх, каб і я тварыць так мог!),
прыгожую галоўку.

“Каханы! Родны мой! Трывай!
Глядзі, я тут, з табою!
Я разумею твой адчай,
ды мы ўдваіх, не забывай…
Мы справімся з бядою!

А каб качаўся жыватом,
хто так цябе сурочыў!
Хай лом яму ды пералом!
Бадай агонь з яго стаўбом,
раз так чыніць ахвочы!

І – годзе, любы, наракаць.
Мы з чорнае нагоды
назло ўсім шанс павінны ўзяць,
бо гэта, прама трэ сказаць,-
шэдэўр жывой прыроды.

Адкрый для мрой сваіх прастор!
Пабольш мастацкай меры!
І выйдзе іншы каленкор:
нам ліха стане з гэтых пор
аздобаю кватэры.”

Удумна муж прагаварыў:
“Што ж… Нешта, мабыць… зможам…”
Нажоўкай, потым,- адпіліў.
І рупна да сцяны прыбіў
над іхнім шлюбным ложам.
Сваім парадкам час мінаў.
У дні сямейнай згоды
муж з любатою пазіраў
на рогі – вынік дзіўных спраў,
шэдэўр жывой прыроды.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Жывая прырода - Фёдар Лашкевіч