Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове


Верш Замест запавету

Мы адбіваемся адно ў адным.
Ён пачынае шлях, і я канчаю.
I клуначак расстанняў за плячамі.
Жыццёвы страх развеяўся, як дым.
А Стаська шчэ не ведае аб ім.

Ён проста радасць давярае ножкам,
якія растапырвае знарок,
бо чаравік развязвае шнурок
і слізкі спод разгневаных дарог.
I зоркі ў пыл ссыпаюцца гарошкам.

Даверна сашчапілі дзве рукі,
нібы спрадвеку, пойдзем нацянькі
мы поруч, хоць у розныя бакі.
Ён – немаўлятка, ды гаваркі.
Я прыслухаюся, мой час такі.

Хачу яму пакінуць назаўжды
надзею, што мяне з жыццём злучае, –
ад любасці да ціхага адчаю
свет захаплення, прадоння чараў,
не даўшы ні пясчынкі глухаты.

Любі, Стасюк, спрадвечную раку!
Натоліць смагу рыбцы і катку
і рытмы выб’е – Нёман, бы скакун.
З абрысамі барока і мадэрну
мне горад наш быў дзецюком няверным.
Сіл не шкадуй яму, не жабраку.

Любі, Стасюк, людзей, і нават злых.
Малых, слабых. Яны не вінаваты,
што пакалечылі сябе аб страты,
не паважаюць сябе саміх.

Любі, Стасюк, свой край,
хоць край – не рай.
Уклад дзядоў ніхто не перайначыць!
Старайся людзям працаю аддзячыць.
Быў у цябе дзядуля – не гультай.
Працуй, удалых рук не пакладай.

I я свой шлях між працай завяршу:
грабельніца – на лузе стог вяршыла.
Краўчыха – з кужалю кашулі шыла.
Спалю дашчэнту і сваю душу.

He бойся адзіноты анідзе.
He адзінокі ты – з табою продкі:
дружына Каліноўскага і Цёткі,
князь Усяслаў, празваны Чарадзей.
Пра іх штодзённа помні, не на ўгодкі.

За рукі ўзяўшыся,
ты ўверх, я ўніз – хадзем.

Верш Замест запавету