Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Ужо даўно абрус зімовы



Ужо даўно абрус зімовы
Сатлеў пад цёмнай яліной.
А лес маўчыць – яму, без мовы,
Як называць вясну вясной?

Ды вось, як першае прызнанне
Вясны маўклівым гушчаром,
Залётнай госці кукаванне
Завітвае ў дрымотны дом.

Гучней, гучней, пад небам сінім,
Пры заклапочанай вадзе,
Ажыўшым ясеням, асінам
Яно бясконцы лік вядзе.

Прыціхла непралазь лясная,
Як быццам чуе ўпершыню
Той гук, што пушчу вымярае
У шырыню і ў даўжыню.

Свет абуджае кукаванне,
На поўнач гонячы зіму.
I, парушаючы маўчанне,
Я адгукаюся яму.



1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Ужо даўно абрус зімовы - Аркадзь Куляшоў