Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш … так душа пакідае цела

Адыходзячы ў зорны шлях,
Азірнецца яна нясмела
І падумае спакваля:
Гэтым целам любіць хацела,
І балела мне гэтым целам,
З гэтым целам жыццё была.
Адбалела яно, змярцвела –
І душа пакідае цела,
Адлятаючы ў вечны шлях.

Назаўсёды яго кідае
Прад няведамаю дарогай,
Апавітая чорнай смугою.
І куды адляціць – не знае:
Мо да д’ябла, а мо да Бога,
Мо да пекла, а мо да раю –
І не зменіш ужо нічога,
І надзея, як свечка, згарае,
Бо душа пакідае цела
Растрывожанае неспакоем.

Так і людзі на свеце белым,
Развярэджаныя тугою,
Не аднойчы сумленнем бачаць
Недасяжнай каханай вочы,
І слязой, як агонь, гарачай
Апякаюцца не аднойчы.
Іх сумленне хістае сусветы
Святым Духам такіх начэй
І святло ад вачэй Запаветам
Нечытаным, Навейшым, пячэ.
Па жыццёвай ідуць дарозе:
Мчаць наперада, глядзяць назад,
Як вар’яты ў тузе-трывозе
На каханне сваё глядзяць.
І яно не аднойчы гляне
Сэрца праўдаю адбалелай –
Так кідаюць яны каханне,
Як душа пакідае цела.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш … так душа пакідае цела - Анатоль Кудласевіч