Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове


Верш Выгод паэты на зямлі не маюць

Выгод
Паэты на зямлі не маюць,
Той – замаўчыць.
Той – рана упадзе.

У Грузіі паэтаў паважаюць
I любяць іх,
Бадай што, як нідзе.

Муры струхлелі,
I цары знямелі.

Я тым шчаслівы,
Што і я ў гасцях
На той зямлі,
Дзе песня Руставелі –
Паэзіі высакароднай сцяг!

Сваім паэтам –
Сам я быў за сведку –
Дарылі людзі
Ўсмешкі і вянкі
I абдымалі так,
Як тых, хто йдзе ў разведку,
У самы цяжкі час – франтавікі.

Паээія – пяшчота і надзея,
Паэзія – прадонне і абвал,
Узняць паэтаў да нябёс умее,
Каб часам кінуць іх на пікі скал…
Выгод
Паэты на зямлі не маюць,
Але спяваюць,
Але ўсё ж спяваюць…

Верш Выгод паэты на зямлі не маюць - Анатоль Грачанікаў