Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове


Верш Чэрвеньскі ранак

Спяшаюся…
Нібыта стог вяршу,
А за спіною – бізуны маланак.

У чэрвені
Мне асвяціў душу
Святлом зялёным
Аксамітны ранак.

Святочна нада мной звінеў жаўрук.
Над гаем зелянелі аблачыны
I быў святочны іх павольны рух
У гэтыя святочныя хвіліны.

I я, шчаслівы светлай нематой
Травы, і дрэў,
I сонечнага ззяння,
Паміж святочным небам і зямлёй
Святочна плыў у чэрвеньскае ранне,
У свет,
Дзе многа урачыстых свят,
I мітусні, і рознай блытаніны,
Шчаслівы,
Што,
Перш чым узяць назад,
Прырода дорыць гэтыя хвіліны.

Верш Чэрвеньскі ранак - Анатоль Грачанікаў