Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Жывi, Беларусь, – жывi!

З пiсьмёнаў, паданняў сiвых
не выкраслiць праўды нiкому…
Жывi, Беларусь, – жывi
насуперак лёсу лiхому!

Тапталi тваё iмя,
глушылi песнi й словы,
i раны дагэтуль шчымяць
з чужацкае ласкi свiнцовай.

Ды гэткай не мела бяды,
што вiсне ў паветры заўсёды.
Ты чуеш, як хмару жуды,
Чарнобыля пошасны подых.

Мы, кроўныя дзецi твае,
дзён смутных зазналi нямала;
няхай новы час надае
нам большую сiлу, трываласць.

Адолець бы гэту бяду –
згадаюцца ў сумных паданнях
i тыя, што хлеб твой ядуць,
а слова, красу тваю ганяць.

Жывi, Беларусь, – жывi
на радасць i нам i ўнукам!
Ты ў нашай душы, крывi,
мы волi твае зарука.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Жывi, Беларусь, – жывi! - Аляксей Русецкi