Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Птушыныя гнёзды пад снегам заснулі

Птушыныя гнёзды пад снегам заснулі,
Дрымотную пражу завеі прадуць.
А хочаш – зімой закукуюць зязюлі,
Мядовыя росы на дол упадуць.

Я сам пажадаў сёння гэткага раю.
На беразе казкі зімовай стаю;
Прыгожае імя тваё паўтараю,
Насустрач любоў выклікаю тваю.

Дыханнем качу тваё імя па снезе,
Качу, нібы сонца, па белых лясах;
І падымаюць галовы мядзведзі,
Што спалі ў мядова-малінавых снах.

Дыхніце, мядзведзі, на просінь, што свеціцца, –
Замёрзлае неба ужо адтае;
Ступае Вялікая наша Мядзведзіца
У светлы маліннік на сцежкі свае.

Чаго не стае нам? Звычайнай зязюлі.
Звычайнай зязюлі? Наш свет не збяднеў:
Я выпушчу зараз яе з-пад кашулі –
Гукай, мая птушка, ў сутоенасць дрэў.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Птушыныя гнёзды пад снегам заснулі - Аляксей Пысін