Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Мяне, бывала, уціскалі ў рамкі

Мяне, бывала, уціскалі ў рамкі,
Вучылі з глупствам ладзіць і дружыць,
Каб не рыпеў я ад жыццёвай лямкі
I каб вучыўся жыць – як набяжыць.

Мне, хто са злосці, хто з любві, казалі,
Каб меней чуў, каб меней бачыў я…
He раз мяне бязлітасна каралі,
Ды пахіснуць не здолелі ніяк.

О, я цярпеў няўдачы і абразы!
Я знаў нямала подлых і тупых!
Ды мук маіх яны яшчэ ні разу
He бачылі і не пабачаць іх.

Я больш маўчаў і рэдка дзе пярэчыў,
Маўкліва боль і крыўду я трываў,
Ды не паганьбіў гонар чалавечы, –
Сумленнем я нідзе не гандляваў.

I хоць бывае цяжка і трывожна,
Але дарога ў мяне адна.
I толькі ў рамкі свае ўціснуць зможа
Калісь мяне сасновая труна.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Мяне, бывала, уціскалі ў рамкі - Алесь Ставер