Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Медуніца

(паэма)

Дзе цябе адшукаць,
Песня роднай зямлі,
Каб табою імкнуцца да Бога?
– У далёкіх кутках,
Дзе вы жыць пачалі,
На занесеных часам разлогах.

Як цябе распазнаць,
Песня роднай зямлі,
Сярод мноства мелодый яскравых?
– Вам падкажуць званы,
Што ад сэрца прыйшлі,
Ад падмуркаў духоўнае славы.

Як запомніць цябе,
Песня роднай зямлі,
Каб спатоліць спаткання патрэбу?
– А ці можна забыць аб Радзіме,
Калі
Вы душой яе сталі
І хлебам?

Беражыце мелодыю песні тае,
Каб нідзе пра яе не забыцца –
Як бацькоўскую Веру,
Што сілы дае,
Як адвечнага сэнсу крыніцу!

Раздзел I.
I
1
Напявала мелодыі роднай зямлі
Мне ў дзяцінстве лясная крыніца,
Дзе, як сведка падзей,
Што ў вякі адышлі,
Расцвітае трава медуніца.

Можа, так, можа, не –
Мы з табой не былі,
Ды й туды не шукалі дарогу.
Сонца, зоркі і Месяц
У небе жылі
І начнога не бачылі змроку.

А стыхіі прыроды
Вясновай парой
На Зямлі карагоды вадзілі
І, нярэдка бывала,
Адна да адной
Пагуляць па-сяброўску хадзілі.

Ясны Месяц таксама да іх зазіраў –
І па справах,
І ў госці прыходзіў.
І з усімі
Свавольнік Агонь сябраваў –
Не злаваў,
Не паліў
І не шкодзіў.

У Вадзіцы жывой
Берагоў не было –
Не патрэбныя вольным аковы.
Панавалі ў сусвеце
Спакой, і святло,
І сумленныя ўчынкі і словы.

Год за годам ляцелі
Сваёю чаргой
Праз адвечных прастораў бяздонне –
Тым падзеям
Не мы былі сведкі з табой,
Але водгук іх чутны
І сёння.

2
Неяк сонечным ранкам,
Па часе вясны,
І адгэтуль пачнецца паданне,
Завітаў Ясны Месяц у хорам лясны
Да Прыроды
Са спешным пытаннем.

І на тую хвіліну –
Патрэбна, відаць,
Было гэтае ў лёсе адбыцца –
Да яе, як звычайна,
Прыйшла пагуляць
Прыгажуня-пястуха Вадзіца.

Толькі Месяц у вочы Вадзе зазірнуў –
Зіхаценне дзявочае ўроды
Зацямніла свядомасць,
І ён патануў
У бяздонні вачэй
Назаўсёды.

І забыўся пра тое,
Што трэба спытаць,
І застылі на вуснах прамовы,
Як скавалі яго, –
А ні слоўца сказаць.
Зніклі раптам
І думкі, і словы.

А яна, азірнуўшы яго незнарок,
Прывіталася ветліва, сціпла
І размову з Прыродай,
Прысеўшы ў куток,
Завяла, як заўжды,
Як прывыкла.

Ясны Месяц
Збянтэжаны болей яшчэ,
Папрасіў прабачэння ў Прыроды,
Развітаўся
І шаснуў у дзверы хутчэй,
На Ваду азірнуўшыся ўпотай.

І пайшоў, як у сне, счараваны
Дамоў,
У нябесныя ўзняўся вышыні.
Але думкі-надзеі
Вярталіся зноў
Да вачэй
Прыгажуні-дзяўчыны.

Абыякавым стаў яму неба прастор,
Яркіх зор мігатлівае ззянне,
Толькі сэрца разбітага
Немы дакор –
Неспатольная прага спаткання.

Ён журботна з нябёсаў Зямлю аглядаў,
Любаваўся таемнасцю хваляў –
У бясконцых глыбінях
Адказу шукаў
Ды ў туманах –
Пакінутых шаляў.

Паступова, з гадамі,
Ад суму таго
Ясны Месяц зрабіўся
Празрыстым.
А Вада
Не жадала заўважыць яго
Сваім сэрцам –
Халодным і чыстым.

3
Колькі часу прайшло –
Хто адкажа, каму?
Не пытайся ў нядольнага долі…
Але неяк
Вада напаткала Вясну
Каля Вечнага Дуба,
Што ў полі.

Яна сонечным промнем
З янтарнай расой
Водар кветак у косы ўплятала.
Расквітнелая
Вабнай жаночай красой,
Калыханку дачушцы спявала:

“Спі, дачушка мая, спі, пястушка мая,
Хай не будзе ў цябе адзіноты,
І пад Сонцам не зведае доля твая
А ні здрады, ні зла, ні турботы.

Праспяваю табе пра цяпло і любоў,
І святло, і матуліну ласку.
А пасля тваіх сноў раскажу табе зноў
Старадаўнюю добрую казку.

Каб змагла ты, дачушка, да шчасця ўзляцець,
Я цябе калыхаю-люляю,
Калі верыць у цуды і вельмі хацець,
Можа спраўдзіцца казка любая.

Спі, дачушка мая, спі, пястушка мая,
Хай не будзе ў цябе адзіноты,
І пад Сонцам не зведае доля твая
А ні здрады, ні зла, ні турботы”.

Ад цяпла і пяшчотнасці песні тае
Сон-трава дываном красавала.
Змоўкла ўсё наваколле,
Каб слухаць яе…
І Вада яе ціха спытала:

– Што такою прыгожаю робіць цябе?
І чаму цябе гэтак чакаюць?
Кажуць, ведаеш шлях,
Што да шчасця вядзе…
Святы ў гонар цябе адзначаюць…

Кажуць,
Ведае наша “красуня”-Вясна
Аб жыцці запаветныя словы,
І ў акрузе валодае толькі адна
Патаемнай,
Адметнаю мовай.

Што за мова,
Ты мне, калі ласка, скажы? –
Прадаўжала пытацца дзяўчына.
Яе сэнс
Для маёй адзінокай душы
Па якой недаступны прычыне?

Я ж таксама працую на гэтай зямлі
Са стыхіямі ў міры і згодзе –
Заспакойваю смагу,
Нясу караблі,
Маю добрую славу ў народзе.

Калі трэба для ўсіх –
Не шкадую сябе,
Дый сама па сабе не благая…
Але сілы прыроды чакаюць цябе!
Дык завошта ж мне кара такая?

І заплакала дзеўчына
Горкай слязой
Ад нястрымнай тугі-адзіноты,
Быццам выліць імкнулася
З горыччу той
Усе беды свае
І турботы.

4
– Эх, плаксуха, –
Ласкава сказала Вясна. –
Ну, не варта зыходзіць слязою.
Хто патрэбен каму
І чыя тут віна
Разбярэмся мы самі з табою.

Паглядзі навакол –
І Агонь, і Святло,
Як і іншыя сілы прыроды,
Долю працы свае,
Як ні цяжка было б,
Аддаюць
І Зямлі, і народу.

Тут у царстве Зямлі,
Так вядзецца здаўна,
У адзінай сям’і нам не цесна.
У адказ жа таксама
Даецца спаўна
Ад дабра,
Што здабыта сумесна.

А цяпер адкажы:
Што адметнага ты
Сваёй працай для іншых зрабіла?
Ты выконвала
Свой абавязак святы,
Што дала
Найвышэйшая Сіла.

Палічы да таго ж,
Колькі горычы ўсім
Ты ў капрызлівым гневе прыносіш?
Колькі топіш людскіх караблёў,
І пры тым
Прабачэння ніколі не просіш.

А ці бачыла ты
Непавагу людзей?
– Не.
Заўсёды папросяць лагодна…
– Дык чаму не апраўдваеш
Нашых надзей
І заўжды застаешся халоднай?!

5
І прыціхла Вадзіца,
І горкай слязы
На святлеючым твары не стала,
А Вясна,
Пераплёўшы расой валасы,
Задуменна далей прадаўжала:

– Ты пытаеш,
Чаму на дарогах быцця
Так святочна мяне сустракаюць?
Я надзею дару
І любоў да жыцця –
Іх заўсёды бясконца чакаюць.

А таемная мова,
Што ведаю я, –
Тут няма і ў памоўцы сакрэту –
Гэта мова кахання,
Дзяўчынка мая,
Мова шчасця,
Жыцця
І… сусвету.

Ад кахання, дзяўчынка мая,
Не збяжыш,
Бо юнацкасці светлае ранне
Скрыжаваннямі лёсаў,
Куды ні глядзіш,
Прывядзе
Да сустрэчы з каханнем.

Мудрасць спеху не любіць,
Ідзі пакрысе,
І жыццё табе дасць разуменне.
Гэты свет –
Ён заўсёды з сабою нясе
Два шляхі:
Разбурэння й стварэння.

А якім пойдзеш ты –
Ужо ведаць пара,
Гэта вырашыць мусіць з нас кожны:
Ці дарогай стварэння –
Любві і дабра,
Ці другою –
Да чорнае пожні…

***
Гаварылі яны яшчэ многа аб чым:
Пра жаночыя справы, праблемы…
Але гэтыя тайны-сакрэты зусім
Нам з табой пераказваць не трэба.

Толькі ведаю, што пасля гэтых размоў, –
Хоць Вада й не казала прычыны –
Але дзеўка-гарэза ішла ўжо дамоў
Пасталелай сур’ёзнай дзяўчынай.

Раздзел 2.
II
6
Колькі часу прайшло ад сустрэчы тае
Не падлічваў ніколі, прызнацца,
Але шанцаў,
Што лёс нам на шчасце дае,
Каб не згінуць,
Не трэба цурацца.

Зноўку промнямі лашчыць зямельку Святло,
Цеплынёй запаўняе разлогі.
Гэтак будзе заўжды,
І спрадвеку было –
Так, напэўна, прадпісана Богам.

Дні за днямі нястрымна ляцяць над Зямлёй…
Толькі дзе ж яна,
Наша Вадзіца?
Бо такою чароўнай
Вясновай парой
Вельмі шмат можа цудаў адбыцца.

7
А Вада, напяваючы нешта,
Ідзе
На сустрэчу да Маці Прыроды.
І не ведае,
Што гэты сонечны дзень
Хутка зменіць жыццё назаўсёды.

Бо Прыродзе журбу сваю
Месяц штодзень,
Быццам роднае маці,
Прыносіць.
І, стаміўшыся жыць,
Як засмучаны цень,
Дапамогі ад роспачы просіць.

Хоча скінуць кайданы самоты тае,
Ды не кажа хваробы прычыну.
Але мудрая Маці
Пазнала яе:
Гэта тайная немач –
Дзяўчына!

Што за краля наш Месяц звяла да бяды?
Кім жа сэрцайка хлопца разбіта?
Толькі сціпласць жаночая ёй,
Як заўжды,
Не дае запытацца адкрыта.

8
Так і зараз
У чуйнай лясной цішыні
Між сабой аб жыцці размаўлялі…
Каля дальняй гары,
Дзе крынічка звініць,
Нечакана Ваду напаткалі.

І збянтэжыла хлопца
Сустрэча з Вадой –
Ён глядзіць на яе
Закахана.
Зноў праймае разбітае сэрца стралой,
І баляць незагойныя раны.

Сарамліва ідзе
За Прыродаю ўслед,
Хоча збочыць…
Ды неяк нязручна.
– Добры дзень Вам, Прырода,
І Вам, наш сусед.
– Вам таксама, –
Прамовіў нягучна.

– Я хацела пабачыць Вас дзеля таго… –
Тут дзяўчыну нібы страсянула,
Бо яна заглядзелася ў вочы яго
І, як некалі ён,
Патанула.

Наваколле, і час,
І дзявочы спакой
Растварыліся ў гэтым бяздонні.
І рэаліі зніклі,
Як марыва мрой,
Толькі жарам
Заціснула скроні.

Заірдзелася разам уся,
Нібы мак,
Рухі зблытала смутная млявасць.
З ёй ніколі яшчэ не бывала,
Каб так
Яе здолеў юнак зацікавіць.

Быццам хто падмяніў
Прыгажуню Ваду –
Яна толькі ледзь чутна сказала:
– Калі ласка, прабачце,
Я, мабыць, пайду…
І далей сарамліва стаяла.

Не магла зразумець яна зараз:
Чаму
Не дае сэрца розуму згоды?..
Усміхнуўшыся сціпла вачыма яму,
Развіталася з Маці Прыродай.

Прэч пабегла,
Не ўзважыўшы нават куды.
– І завошта мне гэткая згуба?
Ой, схавацца,
Схавацца хутчэй ад бяды!..
Толькі сэрца выстуквала:
“Любы!

Як магла
Я цябе не заўважыць раней?
Як магла
Табе мукі прыносіць?
Ты прыйдзі да мяне
І сумненні развей:
Маё сэрцайка плача і просіць”.

9
Доўга-доўга блукала па сцежках лясных,
Свае мары люляла аб любым,
І ўсплывалі прарочыя словы Вясны
З той размовы
Ля Вечнага Дуба:

“…Ад кахання, дзяўчынка мая,
Не збяжыш,
Бо юнацкасці светлае ранне
Скрыжаваннямі лёсаў,
Куды ні глядзіш,
Прывядзе
Да сустрэчы з каханнем…”

Значыць, гэта сустрэча –
Мне дар ад жыцця,
І падзяка,
І лёсу прызнанне?..
Так!
Не мае ніхто на Зямлі пачуцця
Сярод нас,
Што вышэй за каханне.

***
Адбылося з Вадой, што павінна было
Калі-небудзь, напэўна, адбыцца.
І каханне, як дар, на дзяўчыну сышло,
Як маланка, як гром навальніцы.

Як здзяйсненне надзеяў, якімі жыла,
Светлых мараў і дум адраджэнне.
Заквітнела душа, адраклася ад тла…
Момант шчасця – любві нараджэнне.

III
10
А з Прыродаю Месяц тым часам дамоў
Падаліся,
Бо ноч наступала,
І сярод аб жыцці паўсядзённых размоў
Нечакана Прырода спытала:

– Ты не ведаеш, Месяц,
Чаму напрасткі,
Як на крылах,
Вада паляцела?
Не магу зразумець…
Можа, ведаеш ты
Што сказаць яна гэтым хацела?..

Падала, не дадаўшы нічога, руку,
Развіталася з ім,
Як заўсёды,
Усміхнулася ласкава ўслед юнаку –
Тут усё зразумела Прырода.

Але Месяц спяшаўся
І гэты намёк
Не заўважыў.
У тую хвіліну
Ні пра што ён ні думаць
Ні марыць не мог –
Думкі засціла ўсмешка дзяўчыны.

11
Ён узняўся над велічнай плынню лясоў
Каб бясконцасці вольнай напіцца,
Але думкі нястрымна
Вярталіся зноў
У салодкі палон,
Да Вадзіцы.

Ад ласкавага погляду любых вачэй,
Нібы свет яму белы адкрыўся, –
Пасля столькіх бясколерных
Дзён і начэй
Зноў праменьчык надзеі з’явіўся…

Доўга Месяц лунаў
Над прасторай Зямлі
Па бязмежных нябёсаў прыволлі,
Побач светлыя мары аб любай плылі
І ніякага смутку,
Ні болю….

12
А праз некалькі дзён пасля гэтых падзей
Незабыўнай дзівоснай сустрэчы
Месяц зноў
У знямозе ад мар і надзей
На Зямлю скіраваўся пад вечар.

Ён павольна над лесам знаёмым лятаў –
Не збіраўся, здаецца, у госці –
Ці то марыў аб чым,
Ці то нешта шукаў
У лясным гушчары.
Ці… кагосьці?

І калі на ўладанні вясновай пары
Апускалася Ноч-чараўніца –
Ён заўважыў Вадзіцу
Ля дальняй гары,
Каля той запаветнай крыніцы.

Яна сціпла прысела на коўдру травы,
Задуменна касу заплятала
І, ўдыхаючы вечара пах веснавы,
Быццам думала ўслых,
Напявала:

“На прасторах дзівоснага царства Зямлі
Зазвінелі аб шчасці крыніцы –
Зноў прынеслі на крылах Вясну жураўлі,
Толькі я не хачу весяліцца.

Ой, люлі, ой, люлі, аж да ўскрайку зямлі
Белым колерам шчасце красуе.
Падкажыце вы мне, вестуны-жураўлі,
Чаму сэрца так моцна сумуе?

Маё сэрцайка страціла сон і спакой –
Смутак засціць дзявочыя вочы.
Дзе ты, мой ненаглядны? Тугу супакой –
Цябе клічу ад ранка да ночы.

Ой, люлі, ой, люлі, каб да ўскрайку зямлі
Маё сэрцайка бачыла шчасце,
Падкажыце яму, вестуны-жураўлі,
Што яго не магу дачакацца.

Ты прыйдзі да мяне і пяшчотай сваёй
Палячы незагойныя раны –
Я хачу назаўсёды застацца з табой.
Дзе ты, дзе ты, мой любы, жаданы?

Ой, люлі, ой, люлі, аж да ўскрайку зямлі
Прыгажуня-Вясна расцвітае –
Данясіце каханне маё, жураўлі,
Да мясцін, дзе мой сокал лятае”.

13
– Колькі, сэрца маё, яшчэ будзеш чакаць?
Колькі будзеш нудзіцца ў няволі?
Я пайду да яе,
Каб усё расказаць
Аб каханні.
Цяпер, ці ніколі!?

І жаданне зардзела
Пунсовай зарой,
Запалала агнём паланіцы:
– Я іду да цябе,
Каб застацца з табой,
Каб у сэрцы тваім растварыцца…

Падышоўшы,
Ледзь чутна яе пагукаў,
Зашаптаў,
Праглынаючы сорам:
– Колькі год я цябе па сусвеце шукаў
Сярод холаду ззяючых зорак…

Колькі выхадзіў сцежак,
Шляхоў і дарог
Па жыцці,
У пакутах і слёзах,
Покуль я на Зямлі адшукаць цябе змог,
Мая зорка шчаслівая лёсу.

І яна трапятліва насустрач яму,
Нібы ў казачным сне,
Паднялася:
– Я чакала цябе,
Як чакаюць Вясну… –
Больш нічога сказаць
Не знайшлася.

…Вочы ў вочы зірнулі –
Душа да душы
Прытулілася мякка,
З пяшчотай,
І рука незнарок
У чароўнай цішы
Да рукі дакранулася ўпотай.

Сэрцы стукаюць разам,
Хутчэй удвая,
У адзінай зліваюцца плыні…
– Ты – каханне маё,
Я – навекі твая.
– Ты – царэўна мая і Багіня…

***
Дзе пачуццям жаданні гучаць ва ўнісон,
Там умоўнасцяў гінуць аковы
У адзіным імкненні. І ява, як сон,
Не шукае адказаў у словах.

Шчасцем існасць узнеслася ў светы святла,
Дзе жывуць толькі мроі ды чары,
Дзе штодзённых жыццёвых падзей мішура
Не ўладарыць над душамі мараў.

IV
14
І вярнуўся дадому сутоннем юнак,
Перапоўнены шчасцем кахання –
Моцна стукала сэрца
Пачуццям у такт
У вясёлай іскрыстасці рання.

І вярнулася зноў весялосць,
І заззяў
Ясны Месяц
Адноўленай сілай.
Прыгажосцю кахання адроджаны,
Стаў
У сусвеце ён самы шчаслівы.

Засвяціліся зоркі
Ад ззяння таго
Дыяментамі пышных убораў,
Карагоды кружыліся ў гонар яго
Пад напевы нягучныя хораў.

Быццам павы,
Аблокі павольна плылі
Паміж дрэвамі зорнага саду –
І дзівіліся ўсе
На далёкай Зямлі
Небывалай красе зарападаў.

15
На Зямлю
Ясны Месяц штодня з той пары
Прылятаў
Да каханай Вадзіцы –
У бясконцай пяшчоце
Да самай зары
Не маглі яны шчасця напіцца.

Для дваіх існаваў
Лес, і поле, і дол,
І спатканні
Да самага рання…
І нікога для іх не было навакол –
Толькі Месяц, Вада
І каханне.

І хадзілі яны па сцяжынках глухіх,
Па лясах,
Сенажацях гулялі –
Толькі зоркі нябесныя бачылі іх
Ды дубровы,
Што тайны скрывалі.

А прымятыя травы мядовых начэй,
Дзе Вада забывалася шалі,
І затоены бляск
Прамяністых вачэй
Аб квітнеючым шчасці казалі.

16
Непрыкметна ляцелі імгненнямі дні,
Бо шчаслівыя часу не лічаць,
Толькі зараз і тут
Існавалі яны –
Вось дзе б
Мудрасці нам запазычыць!

І Вада неўзабаве,
Парой веснавой,
У харомах лясных,
Дзе крыніца,
Нарадзіла дзяўчынку
Красы незямной,
І назвалі яе –
Медуніца.

Падарыла ёй бездань блакіту вачэй
У каханні шчаслівая маці
І казалі наўкола:
Няма прыгажэй
Валасоў срэбна-русых ад бацькі.

Сціхлі ўзвеі,
Што ў кронах сасновых гулі,
Каб не сыпаць сухою ігліцай.
І спявала напевы
Аб роднай зямлі
Немаўляці матуля Вадзіца:

“Цёплы Ветрык ласкавы дачушцы маёй
Ціха-ціха калыску гайдае.
Сцеражэ яе сон, беражэ супакой,
Калыханку нягучна спявае.

Атулі ад няшчасцяў і бедаў зямных,
Мілы Ветрык, маю прыгажуню,
Каб у лёсе яна не пабачыла іх –
Дай ёй, Божачка, долю такую.

У прытулак лясны светлы сонечны Дзень
Маё дзіцятка ў госці гукае,
Ад спякоты нясе прахалоду і цень,
Быць шчасліваю ёй прадракае.

Захавай ад няшчасцяў і бедаў зямных,
Светлы сонечны Дзень, маю дзетку,
Каб у лёсе яна не пабачыла іх –
Зберажы маю любую кветку.

Срэбразвоннай крынічкі вясёлы Струмень
Падарыў табе срэбныя бомы,
Каб з табой засталіся і Ветрык і Дзень,
Каб не ведала смутку і стомы.

Напаі ад вытокаў, ад нетраў Зямлі,
Срэбразвонны Струмень, Медуніцу,
Каб па лёсе яе тыя сілы вялі,
Як цябе – твая маці Крыніца”.

17
Ды нядоўга спакой на Зямлі існаваў.
Кажуць,
Шыла ў мяшку не схаваеш –
Кожны жне, прыйдзе час,
Што калісь засяваў
На прасторах жыццёвага краю.

Так і зараз,
Празнаўшы,
Прырода сама
Да Вадзіцы з’явілася ў госці,
І шапталіся вербы ўначы
Нездарма –
Бо яна
Аж кіпела ад злосці.

Гучна стрэлы кідалі наўкол перуны,
Бліскавіцы шляхі асвятлялі…
І затрэсліся нетры лясныя –
Яны
Поступ гэты
Здалёк распазналі.

А Вадзіца
Ад жаху навіслай бяды
За Крыніцу схавала дзіцяці
І пабегла на ўзлесак,
Далей,
Каб сюды
Не пусціць раззлаваную Маці.

18
Як віхор,
Наляцела Прырода на лес,
На Вадзіцу накінула чары.
Побач верныя слугі –
Нібыта прылез
Цэлы гурт раззлаваных пачвараў.

– Хто даў права табе
Наш парушыць закон?
Без дазволу майго,
Супраць волі!
І асновы зламаць векавых перапон
Ад пачатку часоў –
Хто дазволіў?!

Я ж любоў і пяшчоту дарыла табе,
Я з маленства цябе гадавала –
Ад багаццяў сваіх,
Ад стала,
Ад сябе,
Ці я штосьці табе шкадавала?

Ты не мела ў жыцці аніякіх акоў
І гуляла без межаў па волі –
У адказ жа за ўсю дабрыню і любоў
Падманула мяне!
Дык даволі!

Справядлівую кару
За ўчынак такі
Воляй лёсу табе вызначаю:
Я свабоду тваю ў кайданы-берагі
Назаўжды закую –
Захаваю.

Ну, а Месяц-нягоднік
Па волі Святла
За такія ганебныя дзеі
Не адважыцца болей сюды заглядаць –
Непатрэбныя тут ліхадзеі!

Так Прырода
У праведным гневе сваім
Доўга-доўга яшчэ лютавала –
Покуль скончыўся гнеў,
Ды й змаглася зусім,
І сварыцца ўжо сілаў не стала.

19
І заплакала горка ад долі такой
У няўцешнасці наша Вадзіца,
Пацякла яе крыўда пякучай слязой
У гаючыя воды Крыніцы.

Яна звала:
“Прыйдзі, мой каханы, хутчэй!
Я не ведаю, дзе мне падзецца.
Колькі дзён адзіноты,
Астылых начэй
Нам правесці цяпер давядзецца?

У палоне такой невыказнай бяды
Не пакінь мяне,
Месяц каханы!
Рукі, ногі мае –
Тваёй любай Вады –
Назаўсёды скавалі кайданы”.

Потым вочы заслала заслона смугі,
І знясілела ў горы Вадзіца –
Паплылі, паплылі, паплылі берагі
І палон,
І смуга,
І Крыніца…

Толькі сэрца пранізвала болем адно:
Як цяпер зберагчы Медуніцу?
Астываючы,
Клаліся слёзы на дно –
Горкі жэмчуг пакутаў Вадзіцы….

***
Мы на гэтым пакуль што пакінем Ваду –
Кожны топча свае, брат, дарогі… –
Можа, час развядзе тую злую бяду,
Можа, не… – Лёсы нашыя ў Бога.

Але шчасце кахання належыць дваім…
Колькі ж мы непрыманнем, пагрозай
Назаўсёды знявечваем блізкім сваім
Крохкіх, чуйна-даверлівых лёсаў?!

Раздзел 3.
V
20
Час нястрымна праходзіць стагоддзі чаргой
Праз падзеі,
І жыцці,
І лёсы,
А імгненняў яго таямнічы спакой
Забірае нягоды
І слёзы.

Ён заўжды
З жыватворных крыніцаў сваіх
Аднаўляе душэўныя сілы.
І няма ў паднябессі
Ні бедаў такіх,
Ні няшчасцяў –
Яму непасільных.

Але вернемся ўсё-такі зноў да Вады –
Бо няможна пакінуць жанчыну
У палоне такой невымоўнай бяды,
У такую ліхую гадзіну.

21
Кажуць – цудаў няма,
Хіба толькі што ў снах,
Але сны наяве могуць збыцца,
Бо з’явілася тут неўзабаве
Вясна
Каля берагу,
Побач з Вадзіцай.

– Не журыся, дзяўчынка,
У гэтай бядзе
Час акажа табе дапамогу –
Ён залечыць журбу,
І бяду адвядзе,
І да выйсця пакажа дарогу.

Бо сапраўдных пачуццяў
Ніколі, нідзе
Не стрымаць ланцугом-перашкодай –
Гэта Праўда,
Што лёсы і жыцці вядзе,
Заснавана самою Прыродай.

І, прамовіўшы гэта,
Чамусьці Вясна
Уздыхнула,
Крыху памаўчала –
Успаміны ўсплылі аб усім,
Што здаўна
Яе сэрца да болю кранала…

Але потым,
Ласкава пазваўшы Ваду,
Супакоена, цвёрда сказала:
– Дзеля шчасця твайго
Я адпрэчу бяду
Чаго б гэта мне ні каштавала.

Падміргнуўшы загадкава ўдзячнай Вадзе,
Паказала рукой за крыніцу:
– Паглядзі,
Хто да нас на спатканне ідзе –
Таямнічая Ноч-чараўніца!

– Прывітанне, сяброўка!
Аб жахах такіх
Расказалі мне толькі што вербы,
Што я ў тую ж хвіліну,
Пакінуўшы іх,
Да цябе неадкладна пабегла…

22
Надвячоркам,
Як дзень засынае даўгі,
Падалася прылегчы Прырода –
Ночка ж цемрай укрыла Ваду й берагі,
Каб схаваць ад ляснога народа.

Каб ніхто не дазнаўся ў лясной цішыні
Патаемных шаптанняў прычыну…
Толькі Месяц
З нябеснай сваёй вышыні
Асвятляў спадзяваннем жанчынаў…

– Хто такое чакаў?
Хто падумаць бы мог,
Што магчыма такому адбыцца?
Хто не мае граху сярод нас?
Толькі Бог. –
Абуралася Ноч-чараўніца.

– Але ганіць каханне
Нікому не дам –
Не падлеглае шчасце кайданам!
Я чароўную сцежку табе перадам,
Што з найчыстых пачуццяў саткана.

Гэта сцежка свабоду каханню дае
У сусвеце –
Ад краю да краю.
Але толькі запомніце:
Сіла яе
Са світаннем да ночы мінае.

І яшчэ вам хачу напаследак сказаць:
Свае сэрцы ад здрады ратуйце,
Бо сцяжынку ніколі не будзе відаць
Тым,
Хто здрадзіць сапраўдным пачуццям.

І на гэтым з Вадой
І з сяброўкай Вясной
Развіталася Ноч-чараўніца
І пайшла,
Растварылася ў цемры начной
У лясным гушчары за крыніцай.

Так ніхто і не чуў тых сакрэтных размоў,
Але бачылі:
Месяц яскравы
Па сярэбранай сцежцы
З нябёсаў сышоў,
Быццам рыцар, у гонары славы.

І – як Ночка й казала –
Кахання святло
Разбурыла няволі кайданы,
І чароўнай сцяжынкі тае серабро
Падарыла прастор закаханым.

23
З той пары,
Як апусціцца вечара цень,
І змярканне разлогі размеціць –
Па сярэбранай сцежцы
З нябёсаў ідзе
Да дачкі і да любае
Месяц.

І гуляюць яны да зары па лугах,
Пад чароўныя спевы салоўкаў…
Толькі сведкамі ім –
Лугавая смуга
Ды пужлівыя цені аблокаў.

Калі бачылі вы след сустрэчы такой,
То нікому,
Нідзе не кажыце –
Трапятлівае срэбра
Над ціхай вадой,
Як каханне сваё,
Беражыце!

Бо яны гэтаксама
З той даўняй пары
Сцерагуць закаханых сакрэты
Ад змяркання
Да ранішняй чуйнай зары –
Для дваіх, для жыцця…
Для паэтаў.

24
Толькі часам бывае,
Што сон не ідзе
Цёмнай ноччу
Да Маці Прыроды.
Пашукае Ваду –
І не знойдзе нідзе,
І нашле на Зямлю непагоду!

Выпускае са склепаў сваіх перуны,
Хмарнай посцілкай неба закрые
І гукае ўсіх слугаў сваіх,
Каб яны
Ясны Месяц з Вадой разлучылі.

Пацямнее Вада ад насланай смугі
І ад гэтакай крыўднае долі,
Засумуе адна…
А з палону тугі
Рвецца сэрца за любым на волю.

Але Маці Прырода нядоўга злуе
І на зорцы наступнага рання
Да Вадзіцы ідзе супакоіць яе,
Бо нічога не зробіш.
Каханне…

Яна помніць таксама, як гэта было
У пачатку часоў,
Калі золкай,
Хмурнай раніцай
Ёй падарыла Святло
Каляровы пярсцёнак –
Вясёлку.

А яшчэ цеплыню,
І пяшчоту сваю,
І каханне сваё назаўсёды.
Той бясконцай любоўю
У гэтым раю
Стала дзеўчына
Маці Прыродай.

***
З таго часу нязгасны агеньчык гарыць
І сваім сагравае дыханнем,
А бясконцасць насустрач бяжыць і бяжыць…
Праз вякі – да святла і кахання.

Але зроблена што – так і будзе ў вяках,
Па такой, ці па іншай патрэбе –
Застаецца Вада на Зямлі ў берагах,
Ясны Месяц – далёка на небе.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Медуніца - Алесь Казека