Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове


Верш Ён не згіне

Ці дзялю я свой сум з цішынёю,
Ці жартую з сябрамі над чарай,
Перад мыслью таемна маёю
Неадступнай, назойлівай марай,
Як жывы, як бы ўзяты з натуры,
Ўсё малюецца вобраз пануры:

Як калоссі ў жытнім полі,
стаяць людзі на раўніне;
Быццам вецер каласочкі,-
гэтак сум іх прыхіляе.
Ані шэпту! Часам толькі
маць-зямліца уздыхае:
“Ой, пагіне… Ўсё пагіне!”
Захаваўшы слонца, ўкрылі
неба ймглішчы і туманы;
Непагодай край, здаецца,
ад прадвеку той забраны;
І не кліч яму ты долі:
гіне зык тут незваротна;
Замірае слова нават…
Ах, маркотна!

Ўсё мне цяжкі вобраз той здаецца,
Ці адзін, ці хаджу між людзей я…
Толькі ж… раптам, часамі прарвецца,
Бы шаленства якое, надзея:

З-пад святых нябёс блакіту
Прамяніста сонца ззяе
І дзяцей зямлі з нябыту
І з заніку паднімае.
І буяе духам вольным
Той народ, што на раўніне,
І жывець жыццём давольным…
“Ён не згіне! Ён не згіне!”

Верш Ён не згіне - Алесь Гарун