Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Праводзіны

Браце мой любы!.. Ідзеш на вайну…
– Кліча агульны прыказ…
Кінеш радзімую ты старану,
Кінеш сямейку і нас!

Можа, не ўбачымся болей з табой –
Бог яго ведае, брат!
Як праканаціся ў долі сляпой:
Пусце? – не пусце назад?

Сорам і ганьба для свету вайна,
Як ні мяркуй, ні судзі;
З боскіх законаў смяецца яна…
Мусіш, аднак жа… Ідзі!

Йдзі, не трывожся: маленькіх тваіх
Будзем карміць, даглядаць,
Ў разе ж… дай Бог, каб вярнуўся да іх!..
Будзем, як ты, гадаваць.

Гэтак… I ўсё, што хацеў я сказаць?
Пэўне, усё… Пачакай!
Нам пастарайся адтуль напісаць,
З думкі сваіх не спускай.

Потым… Пасунуцца ў бітву палкі –
Ты баязлівым не будзь:
Смелага сэрца не раняць штыкі,
Кулі яго не праб’юць.

Будзе праціўнік пабіты ляжаць, –
Ты пашкадуй яго, брат!
Раны завяжаш, паможаш устаць, –
Й ён чалавек і салдат.

Брат, y далёкай сваёй старане
Мае ён дзетак, сям’ю…
Помста ці хцівасць цябе як штурхне,
Ўспомні сямейку сваю.

Старасці, цноце не помні ураз,
Гэтым сумлення не плям.
Быў чалавекам ты, браце, y нас,
Будзь чалавекам і там.

Мы у Вялікага будзем прасіць,
Ты каб вярнуўся здароў…
Н-ну! – развітаемся… Сэрца баліць…
Дай жа абнімемся зноў!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Праводзіны - Алесь Гарун