Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Старыя фотаздымкі

Фотаздымкі –
нашы ўспаміны,
і калі мы іх пераглядаем,
у душы, нібы за небакраем,
ажываюць даўнія часіны.
Вось мы –
галапузыя, з усмешкай,
беспрычыннай, светлай і бяззубай, –
ў свеце, дзе ўсё дорага і люба,
дзе выток жыцця нялёгкай сцежкі.
Вось трымаем
лялькі і машынкі,
вось партфелі школьныя валочым,
і рахункаў неакрэплы почырк
пробліскі выводзіць і хмурынкі.
Бы ў зямлі
карэньчыкаў спляценне,
ў лёсе нашым ростані, сустрэчы…
Колькі іх?
Каштоўных, недарэчных,
Незваротных успамінаў-ценяў.
Здымкі.
Тут застыла непарушна
ўсё, што цешыла і што балела.
Адымі іх,
І наш свет – збяднелы,
як згалелая ўвосень груша.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Старыя фотаздымкі - Алена Руцкая