Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Зорыць восень пільна, ласкава

Зорыць восень пільна, ласкава
Мне ў акенца цэлы дзень,
Моліцца, маністам бразгае,
Ціха ходзіць па вадзе;
Падмятае лісце строямі,
Пад бярозамі кружыць
І вачыма васільковымі
Ўсё вядзьмарыць-варажыць:

Цябе слухаць не прымушу
Бескарысную хлусню,
Беражы жывую душу,
Не зацягвай ты гульню,
Ад назолы, лютай сцюжы,
Легкаважных, марных сноў,
Ад шыпоў на целе ружы,
Ад аповедаў і вершаў,
Што завеце вы – любоў!

Змоўкні, – я ёй адказала, –
Лісце ў вокны не кідай!
Бо каханага спаткала
Ў час, калі радзіўся май.
Што табе, вяшчунка лютая,
Да мяне і да яго?
Прыляціць вясна галубкаю –
Вернецца і хараство!

І я слухаць не прымушу
Цудадзейных словаў плынь:
Веру я ў жывую душу,
Калі нават ўсё застыне!
І ружанцы я сплятаю
Лёгкакрылых, яркіх сноў,
І малюю – расквятаю
Красавіцкую вясну,
І заззяе ў іх любоў!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Зорыць восень пільна, ласкава - Алена Піменава