Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Сябрам дзяцінства

Сябра мой, мы з табой апынемся яшчэ,
Каб ужо не губляцца ніколі ніколі,
На знаёмым мастку, дзе рачулка цячэ
У раскошы дубоў, на радзіме ля школы.

Далягляд неўзабаве акрэсліць святлом
Крокі тыя, што зоркі лічылі паволі,
Дах бацькоўскі, буслоў над утульным жытлом,
Кроплю шчасця на вейках, крышталікам солі.

Нас анёлак прывеціць усмешкай з-за хмар,
Саслізне па страмкіх пасівелых таполях,
І чулліва пачне узірацца у твар,
Час імклівы юнацтва, крануўшы былое.

Да імгнення імгненне, той пройдзены шлях
Мы складзем успамінамі ў скарбніцу лёсу,
Першы боль, першы позірк і крылаў узмах
Першы пробны радок аб каханні узнёслым.

Узгадаем вясёлку, канікулы, дождж…
І цукеркі – такія не знойдзеце болей,
Берагі, дзе гулялі гуртом басанож,
І бязмежжа гадзін, уздыхнуўшы міжволі.

Прыпыніся, купі да вытокаў білет,
Каб душой удыхнуць водар спелых акацый
Дзе пад шклом у зямлі твой дзіцячы “сакрэт”
І гудок завадскі бацьку клікаў на працу.

Той куточак пазнае цябе па хадзе,
Калі нават ужо ты не надта і жжвавы,
І сплыве даўні сум па шырокай вадзе,
Нібы восеньскі лісцік, барвова – іржавы

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Сябрам дзяцінства - Алена Дзегцярова