Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш У сядзібе князя Агінскага

У сядзібе князя Агінскага
Прабачце, князь, нахабны мой візіт,
я тут без запрашэння Вашамосці,
але ёсць незвычайнае тут штосьці,
як Войніча таемны манускрыпт.
Прысадай ліпавай іду я ў ваш палац,
а сэрца просіць выбачэння і спагады.
Майму візіту, можа, вы не рады,
але паверце: не вар’ят я, не паяц.
Мне б толькі адшукаць тут для душы
крыху спакою, музыкі і ласкі,
а там, дзе стаў пазялянеў ад раскі,
хачу пабачыць кветкі-гладышы.

Двух лебедзяў над сіняю вадой,
як двух аблокаў у асенніх даляглядах,
выхопліваюць пільныя пагляды
у парку, дзе туман, як сырадой
паўзе ад возера да млына праз масток,
аб мураванку сцен цярэцца спінай,
і можна толькі музыкай адзінай
пачуццяў перадаць маіх паток.

Фантомы паланэзаў паміж дрэў
блукаюць тут, і будзяць хор птушыны,
не далятае сюды гул машынны,
цывілізацыі не дасягае рэў.
Закалыхай мяне, англійскі парк,
хоць успамінамі былых імпрэз музычных,
аднойчы загучыць аркестр сталічны,
і выйдзе эра новая на старт.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш У сядзібе князя Агінскага - Ала Клемянок