Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Глыбела неба, зоркі халаднелі

Глыбела неба, зоркі халаднелі.
Ступала восень зорнай паласой.
Апошні мёд насілі пчолы ў келлі
На санцагрэве з буйных верасоў.

За жураўліным клінам павуцінка
Плыла трывожна з восеньскай вярсты.
…Яшчэ сініцам весела адцінькаць
У голлейку пажоўклыя лісты.

А там дажджы рабінай апякуцца,
I выпадзе халодная раса…
He, не мае красёнцы гэта ткуцца,
He мой – халоднай восені пасаг.

I не мае то вусны загарчылі
Салодкім мёдам позніх верасоў…

I сняцца сны ўспамінамі чужымі.
Ступала восень зорнай паласой.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Глыбела неба, зоркі халаднелі - Ала Канапелька