Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Ган-но!

Ган-но! –
Блукае няўцешнае рэха.
– Ган-но! –
Гукаюць, шукаюць вятры.
Снегам занесены сонныя стрэхі,
Моракам скутыя дрэмлюць двары.

Снегам расстання халодным, зімовым
Шлях перамецены –
шлях да вясны.
Ганно, ты ж ведаеш тую замову,
Каб адышлі непрабудныя сны.

Ты іх пашлі на бягучыя воды,
Ты іх на лозы сухія пашлі.
Ранняй вясною ў барвах усходу
Зноўку пратрубяць Яго жураўлі.

…Зорка ўзыходзіць над сцюжай, над снегам.
Памяць жывою рабінай гарыць.
– Ган-но! –
Палескае коціцца рэха.
– Ган-но! –
Гукаюць над светам вятры.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Ган-но! - Ала Канапелька