Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Бывайце здаровы, жывіце багата!



Бывайце здаровы,
Жывіце багата,
Ужо ж паедзем
Да сваёй хаты.
У зялёнай дуброве
Мы начаваць будзем
І вашае ласкі
Вавек не забудзем.

У вашам калгасе
Шырокае поле,
Няхай жа на шчасьце
Цьвіце ваша доля.
На рэчках на вашых
Бурлілі каб воды,
Каб плавалі з крыкам
Гусей карагоды.

Каб жыта ў полі
Трубою вілося,
Каб сала ў хаце
Кубламі вялося.
Штодзень у капусьце
Каб плавала шкварка,
Да шкваркі часінай
Вялася б і чарка.

Яшчэ вам жадаем
Прыбытку ў хаце
Ні мала, ні многа –
Штогод па дзіцяці.
Ня будзем у крыўдзе
Яшчэ і на тое,
Калі пашанцуе –
На год і па двое.

Дарогу ж мы знаем
Да вас, ягамосьці
I езьдзіць мы будзем
Да вас часта ў госьці.
Эй, хто на адведы,
Эй, хто на радзіны –
Вазіць караваі
Па дзьве паўасьміны.

Бывайце здаровы,
Жывіце багата,
Ужо ж паедзем
Да сваёй хаты.
У зялёнай дуброве
Мы начаваць будзем
І вашае ласкі
Вавек не забудзем.



1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Бывайце здаровы, жывіце багата! - Адам Русак